Андрэй Клімаў: Улада знішчае свой электарат
Былы дэпутат Вярхоўнага Савета Андрэй Клімаў ацэньвае масштаб вясенніх пратэстных акцый.
Андрэй Клімаў распавёў “Радыё Рацыя”:
— Улады, відаць, да гэтага часу да канца не разумеюць, што пратэсты, якія прайшлі не так даўно ў краіне, ніякім чынам не звязаны з апазіцыяй. Дэкрэт аб “дармаедах” закрануў электарат сённяшняй улады, які нейкім чынам перабіваўся з вады на хлеб, але выжываў і меў пэўныя сацыяльныя гарантыі.
Дэкрэт пазбавіў іх гэтых гарантый. А апазіцыя ў нас практычна ўся з вышэйшай альбо сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, яна працаўладкаваная.
Таму было вельмі незвычайна назіраць, як электарат, які доўгі час галасаваў за Лукашэнку, пачаў знішчацца самой жа ўладай. І гэта выклікала масавыя пратэсты па ўсёй краіне.
— Але ж апазіцыя ўзначальвала гэтыя пратэсты…
— У класічным варыянце ў Беларусі апазіцыі няма, а ёсць проста пратэстны электарат. Калі б яна была, то прысутнічала б ва ўладзе. І, як правіла, апазіцыйныя сілы — гэта адзіны фронт. А калі ў нас дзесяць кандыдатаў ідуць на выбары, значыць, няма ні еднасці, ні апазіцыі. Калі няма еднасці, то вы працуеце на ўладу, паколькі расцягваеце галасы выбаршчыкаў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя