Андрэя Гайдукова будуць судзіць у Віцебску
Справу аб «здрадзе дзяржаве» мае разгледзець Віцебскі абласны суд. Пра гэта распавяла Вольга Гайдукова, маці 24-гадовага наваполацкага актывіста, арыштаванага 8 лістапада мінулага году. Паводле звестак прэсавай службы КДБ, хлопца затрымалі нібыта «падчас закладкі тайніка са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спецслужбы».
Затрыманне адбылося ў Віцебску, і судзіць Андрэя Гайдукова будуць таксама ў гэтым горадзе. Пакуль ён знаходзіцца ў Мінску, у СІЗА КДБ, гаворыць маці:
«Андрэя ўзімку на месяц пераводзілі ў віцебскі СІЗА, і паводле ягоных уражанняў, умовы ўтрымання тут лепшыя, чым у Мінску. Так што гэта, мабыць, і няблага, што яго перавядуць бліжэй да дому. Дату суду я не ведаю, мне вядома толькі тое, што тэрмін утрымання Андрэя пад ватай працягнуты да 17 чэрвеня».
Падчас следства Вольга Гайдукова двойчы прасіла дазволу на сустрэчу з сынам. І абодва разы ёй адмовілі. Следчы па справе Алег Барысевіч вырашыў, што такая сустрэча «немэтазгодная», але патлумачыў, што, верагодна, сустрэча можа быць дазволена па сканчэнні следства, перад судом. Таму Вольга Гайдукова зноў збіраецца пісаць такую заяву.
Спадарыня Гайдукова хоча, каб працэс па справе сына быў адкрыты:
«Матэрыялы справы ўжо перададзены ў суд. І я хачу, каб суд быў адкрыты. Каб нарэшце агучылі ўсе падазрэнні і прэтэнзіі да Андрэя. Але ці нехта мяне паслухае… Адвакат гаворыць, што вырашыць могуць і так і так: працэс можа быць і адкрыты і закрыты… 25-га траўня адвакат сустракаўся з Андрэем, мы перадалі яму пасылку. Перапісваемся, але ў лістах ён нічога пра сваю справу напісаць не можа: ён ведае, што такія лісты проста не дойдуць. Таму пішам пра бытавыя справы. Андрэй спрабуе нас супакойваць і падтрымліваць».
Андрэй Гаўдукоў знаходзіцца пад вартай ужо сем месяцаў. Сваякі і знаёмыя не вераць, што ён «здраднік» ці «шпіён». Яны лічаць, што сапраўдная прычына затрымання — гэта апазіцыйныя погляды, праца ў камандах дэмакратычных кандыдатаў падчас выбараў, або мае месца нейкая «грандыёзная правакацыя» — пра гэта Андрэй Гайдукоў пісаў у самых першых лістах з мінскага СІЗА КДБ.