Антыўтопія ўвасобілася ў Беларусі. Чыноўнікаў хочуць правяраць на ўдзел у несанкцыянаваных акцыях
У Беларусі плануецца выкарыстоўваць сістэму распазнавання твараў пры прыёме на працу або прызначэнні на вышэйшыя пасады ў дзяржструктурах.
Распазнаванне твараў чыноўнікаў плануецца праводзіць з выкарыстаннем прадукту «Facial recognition technology (FRT)», пра гэта паведаміў тэлеграм-канал беларускіх сілавікоў, піша Thinktanks.by.
Гэта сістэма знаходзіцца ў стадыі абкаткі і амаль гатовая да выкарыстання.
Сэнс такі, што пры ўладкаванні на пасаду ў любой дзяржустанове або пры павышэнні кандыдат перад паліграфам (у выпадку, калі такая праверка праводзіцца) будзе правярацца па базе, асноўная задача якой — выявіць факт прысутнасці чалавека на масавых несанкцыянаваных мітынгах.
Саму праверку будуць праводзіць у МУС, дзе ўжо ідзе адбор кандыдатаў як на працу з софтам, так і фізіягнамістаў.
Пакуль не названы распрацоўшчык прадукту, аднак кансультаванне ажыццяўляе шэраг расійскіх распрацоўшчыкаў падобных прадуктаў, сярод якіх і тыя, хто падтрымліваюць працу софта ад «NtechLab».
Такім чынам, праз праверку ўлада спадзяецца мінімізаваць шанец трапляння ў шэрагі дзяржчыноўнікаў нядобранадзейных кандыдатаў.