Апошняя навіна БелаПАН перад блакіроўкай — Ананіч пагражае імгненна закрываць СМІ
Рэдактар інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Ірына Леўшына выклала ў сацыяльныя сеткі навіну пра сустрэчу рэдактароў СМІ з міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч. Літаральна праз 10 хвілін сайт кампаніі БелаПАН быў заблакаваны.
Міністр інфармацыі Беларусі правяла сустрэчу з кіраўнікамі недзяржаўных СМІ
Мінск, 20 снежня. Міністр інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч сустрэлася 20 снежня з кіраўнікамі недзяржаўных СМІ. Сярод запрошаных на сустрэчу былі інфармацыйная кампанія БелаПАН, газеты "Народная воля", "Наша нiва", "Беларусы і рынак", "Камсамольская праўда ў Беларусі", "Аргументы и факты", інфармагенцтва "Інтэрфакс" і "Расія сёння", партал Tut.by, інтэрнэт-выданне "Ежедневник".
Тэмай сустрэчы стала асвятленне недзяржаўнымі СМІ сітуацыі на валютным рынку, якое, на думку Мінінфарма, нагнятае паніку ў беларускім грамадстве і ідзе насуперак з інтарэсамі дзяржавы.
Як заявіла Лілія Ананіч, у такія перыяды, "час Ч", усе СМІ — і дзяржаўныя, і недзяржаўныя — павінны працаваць на краіну, а не супраць яе. У адваротным выпадку, папярэдзіла міністр, сродкам масавай інфармацыі будуць выносіць два папярэджанні адразу (па дзейнаму заканадаўству, за два папярэджання на працягу аднаго года СМІ можа быць закрыта).
Запрошаныя на сустрэчу прадстаўнікі СМІ, у сваю чаргу, ўздымалі праблемы недаступнасці чыноўнікаў для журналістаў, адсутнасці аператыўнай афіцыйнай інфармацыі па актуальных пытаннях, няроўныя адносіны ўлады да дзяржаўных і недзяржаўных СМІ.
Міністр паабяцала прыслухацца да іх меркавання.
Ірына Леўшына, БелаПАН.