Апошнія масавыя акцыі пратэсту ў Беларусі адбыліся тры гады таму. Хронікі рэпрэсій 27 лютага
У нядзелю, 27 лютага 2022 года ў Беларусі праходзіла галасаванне на Рэспубліканскім рэферэндуме аб зменах у Канстытуцыі, а таксама масавыя мітынгі супраць расійскага ўварвання ў Украіну, нагадвае Вясна. У першы дзень пратэстаў было затрымана больш за 900 чалавек, на другі дзень — каля 70 чалавек. Большая частка затрыманых атрымалі адміністрацыйныя арышты і штрафы. А палітычны пераслед у Беларусі працягваецца дагэтуль. «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю на 27 лютага.

Аналітыка Андрэя Паротнікава прыгаварылі да 10 год зняволення
Яго судзілі ў 2024 годзе, але вынік быў невядомы. Зараз пра прысуд аналітыку паведаміла ініцыятыва «Краіна для жыцця», піша «Наша Ніва».
Судзілі Андрэя Паротнікава ў кастрычніку 2024 года па пяці артыкулах Крымінальнага кодэксу:
-
здрада дзяржаве (частка 1 арт. 356),
- змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу ўлады (частка 1 арт. 357),
- садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361-4),
- уваходжанне ў склад экстрэмісцкага фарміравання (ч. 3 арт. 361-1),
- перашкода правядзенню выбарчых правоў (частка 2 арт. 191).
Цяпер стала вядома, што яго прыгаварылі да 10 год зняволення.
Андрэй Паротнікаў — кіраўнік аналітычнага цэнтра Belarus Security Blog, ваенны эксперт. Пра затрыманне аналітыка стала вядома ў жніўні 2023 года.
Тады па дзяржаўным канале АНТ паказалі фільм пра затрыманне Паротнікава. У ім намеснік начальніка следчага ўпраўлення КДБ Канстанцін Бычак казаў, што аналітык «мэтанакіравана даў згоду прадстаўніку польскай выведкі на супрацоўніцтва».
Па версіі КДБ, ваенны эксперт выконваў «заданні па збору і аналізу» звестак «у сацыяльнай, эканамічнай, палітычнай і ваеннай сферах, у тым ліку закрытага характару».
Новыя старонкі ў спісе «экстрэмістаў»
«Экстрэмісцкай» прызналі старонку журналісткі Алены Чарняўскай у Instagram. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёну Мінска 25 лютага.
Таксама «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» папоўнілі старонкі ў Instagram «Асацыяцыя Палітвязняў Беларусі» і «Чаты 97%», старонкі ў «Аднакласніках» «Зьмiцер Кайтанаў», «ИННА БОРИСЕВИЧ», «Виталий Казимир», «Беларусь-Украина за мир!», «Беларусь-Польша-Украина-Литва», а таксама Telegram-канал «ГРИФОН501».
Прызналі «экстрэмісцкімі» і сацсеткі ўкраінскага журналіста Дзмітрыя Гардона. Адпаведнае рашэнне прынятае судом Цэнтральнага раёна Мінска.
Увогуле, Міністэрства інфармацыі Беларусі за 2024 год заблакавала больш як 3150 інтэрнэт-рэсурсаў «дэструктыўнай накіраванасці». Пра гэта заявіў журналістам міністр інфармацыі Марат Маркаў, піша Свабода са спасылкай на БЕЛТА.
Паводле Маркава, за апошнія 10 гадоў агулам заблакавалі каля 15 тысяч такіх рэсурсаў. На думку міністра, гэтая «сур’ёзная лічба» сведчыць пра тое, што «ўвага да Беларусі з боку апанентаў не зменіцца» і што «ўкладаюцца мільёны і мільярды ў тое, каб расхістаць сітуацыю ў Беларусі», але краіна гэтаму «эфектыўна супрацьстаіць».
«Дэструктыўнымі» ўлады называюць рэсурсы, дзе публікуецца інфармацыя і выказваюцца думкі, якія супярэчаць афіцыйнай палітыцы рэжыму Лукашэнкі і дзяржаўнай прапагандзе.
У Беларусі +6 новых палітвязняў
Гэта Яўген Бойка, Аляксандр Краўчук, Паліна Піткевіч, Арцём Палякоў, Вадзім Сенчанка, Максім Бельчанка.
Сяргея Чалага збіраюцца прымусова высяляць з мінскай арэнднай кватэры
У судзе Савецкага раёна Мінска 27 лютага разглядаўся грамадзянскі іск камунальнага прадпрыемства «Мінскія гарадскія інтэрнаты» да Сяргея Вячаславіча Чалага.
Як вынікае з прадмету спрэчкі, яго збіраюцца прымусова выселіць з займанай арэнднай кватэры, але ў нікуды ўсё ж не выганяць — узамен прапануюць нейкае іншае жыллё, піша «Наша Ніва».
Сяргей Чалы — вядомы эканаміст. З 2021 года знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі, жыве ў Польшчы.
У «спіс тэрарыстаў» дадалі трох чалавек
Камітэт дзяржаўнай бяспекі абнавіў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы 3 чалавек.
Сярод іх Павел Шорахаў, Аляксандр Судніковіч, Антон Ільін.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1250 чалавек, з іх больш за 550 — беларусы.
Палітзняволенага грамадзяніна Арменіі пачынаюць судзіць за «непадпарадкаванне адміністрацыі» ваўкавыскай калоніі
51-гадовага жыхара Віцебска і грамадзяніна Арменіі Ярванда Марцірасяна асудзілі летась да двух гадоў калоніі за «абразу Лукашэнкі».
Паводле версіі абвінавачвання, мужчына нападпітку ў службовым аўтамабілі пры супрацоўніках аддзела Дэпартамента аховы неаднаразова негатыўна выказаўся на адрас Лукашэнкі.
У кастрычніку мінулага году мужчыну адправілі адбываць тэрмін у калонію № 11 у Ваўкавыску.
27 лютага ў судзе Ваўкавыскага раёна распачаўся разгляд справы Ярванда паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Суддзя Ганна Каралевіч.
Бізнесмена з Гродзеншчыны будуць судзіць за «паклёп на Лукашэнку» і «распальванне варожасці». Апошняе, што ён апублікаваў — відэа з адпачынку ў Грузіі
Віталю Пятрэнку 46 гадоў. Па звестках з сацсетак, ён родам з Гродзеншчыны, з вёскі Міратычы Карэліцкага раёна. У мужчыны ёсць жонка і дзіця. Віталь займаецца бізнесам. Спачатку ён спецыялізаваўся на сэндвіч-панэлях для будаўніцтва дамоў. А з 2018 года ўзначальвае кампанію «Еўрапейскія будаўнічыя тэхналогіі».
Невядома, калі Віталя затрымалі, але сацсеткі перасталі абнаўляцца ў сярэдзіне верасня 2024 года. Апошні ягоны апдэйт — відэа з адпачынку ў Грузіі. З таго часу Пятрэнка нідзе не анлайн, піша «Наша Ніва».
Віталя пачынаюць судзіць 10 сакавіка ў Гродзенскім абласным судзе. Яго вінавацяць па двух артыкулах — «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК) і «распальванне варожасці» (ч. 1 арт. 130 КК). Суддзя — Мікалай Рачынскі.
Аляксандра Францкевіча другі раз за год судзяць за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»
У судзе Аршанскага раёна і г. Оршы 27 лютага над анархістам Аляксандрам Францкевічам распачнецца другі запар суд паводле ч. 2 арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Паўгода таму Аляксандра ўжо асудзілі да года пазбаўлення волі па гэтым артыкуле.
Цяпер яму зноў могуць дадаць тэрмін зняволення. Акрамя гэтага, палітвязня некалькі месяцаў утрымлівалі ў рэжыме інкамунікада.
За ўдзел у пратэстах будуць судзіць 74-гадовага мінчука
Вячаслаў Шчаўлік родам з горада Долінска, які знаходзіцца на востраве Сахалін за амаль 10 тысячаў кіламетраў ад Мінска. Па звестках Digital Intelligence Team, чалавек з такімі ініцыяламі ў Беларусі адзін.
У 90-я спрабаваў адкрыць ІП, але яно закрылася ў 1996-м. Працаваў ахоўнікам і вартаўніком у Мінску. У яго ёсць жонка і двое паўналетніх сыноў.
Невядома, калі яго затрымалі, але ў сацсетках і месенджарах Шчаўлік даўно не анлайн. Выглядае так, што ён за кратамі, піша «Наша Ніва».
Шчаўліка пачынаюць судзіць 6 сакавіка ў судзе Фрунзенскага раёна разам з Любоўю Голубевай і Ірынай Голубевай-Палуян. Іх вінавацяць па «народным» артыкуле за ўдзел у пратэстах (ч. 1 арт. 342 КК). Суддзя — Ала Скуратовіч.