«Апранулі мяшок на галаву і павезлі да расійскай мяжы»

Актывіст з Расіі Уладзімір Ягораў распавёў, як КДБ перадаў яго ФСБ.

Уладзімір Ягораў, фота з Фейсбуку

Уладзімір Ягораў, фота з Фейсбуку

Расійскі дэмакратычны актывіст Уладзімір Ягораў, які знік у Беларусі, а потым знайшоўся ў расійскім СІЗА ў Тарапцы, распавёў дэталі свайго затрымання адвакату.

Пра гэта паведамляе праваабарончая ініцыятыва ​Human Constanta.

26 чэрвеня Уладзімір Ягораў у зʼехаў з Расіі і спрабаваў атрымаць статус палітычнага ўцекача ва Украіне, бо супраць яго была распачатая крымінальная справа за пост у сацсетцы «ВКонтакте». Атрымаўшы адмову, Ягораў вырашыў паехаць у Беларусь і звязацца з праваабаронцамі, аднак 29 ліпеня сувязь з ім знікла.

Неўзабаве Ягораў знайшоўся ў СІЗА ў Тарапцы (Цвярская вобласць).

7 верасня яго наведала адвакатка Святлана Сідоркіна, якая распавяла праваабаронцам наступнае:

«Вываз з Беларусі быў распрацоўкай спецслужбаў. Яго ўзялі ў пятніцу, не назваліся, у хостэле, а 23 гадзіне. Апранулі мяшок на галаву і даставілі ў нейкі аддзел — ён не ведае якой. У камеры Ягораў правёў суботу і нядзелю. У панядзелак, рана, яшчэ зацемна, на 3-х машынах яго павезлі да расійскай мяжы. Адна з машын была яго асабістая, на якой ён прыехаў у Беларусь, самога ж Ягорава, з яго слоў, везлі ў браневіку. На памежным пункце яго прынялі супрацоўнікі ФСБ і даставілі ў Тарапец у ізалятар часовага ўтрымання. І супрацоўнікі КДБ Беларусі, і супрацоўнікі ФСБ Расіі высвятлялі ў яго, ці не завербаваны ён Службай бяспекі Украіны, які ў яго пазыўны (мянушка). Распытвалі аб кантактах у Беларусі, хто яму дапамагаў. У яго канфіскавалі тэлефон і планшэт. Цяпер Ягораў знаходзіцца ў псіхалагічна не ў вельмі ўстойлівым стане. Фізічны гвалт не ўжываўся».

belsat.eu