Расія. Масавая эвакуацыя ў буйных гарадах

Пасля серыі ананімных званкоў пра закладзеныя бомбы ў розных канцах Расіі былі праведзены эвакуацыі ў розных установах: школах, ВНУ, гандлёвых цэнтрах, вакзалах.

2eed7c4.jpg

З учорашняга вечара ў розных канцах краіны эвакуююць гандлёвыя цэнтры, школы, вакзалы.

Першыя атакі тэлефонных тэрарыстаў былі зафіксаваныя напярэдадні ўвечары.

Званкі пра закладзеныя бомбы раздаліся ў некалькіх расійскіх гарадах. Да прыкладу, у Пярмі эвакуіраваны адразу дзесяць школ, некалькі буйных гандлёвых цэнтраў, а таксама ўсе аддзяленні Пенсійнага фонду — усяго 24 аб’екты.

Тое ж самае напярэдадні рабілася і ў Чалябінску, дзе вывелі наведвальнікаў дзесяці гандлёвых цэнтраў, а таксама некалькіх гасцініц і рэстаранаў.

Аналагічная сітуацыя склалася ў Бранску, Уладзівастоку, Магадане, Омску, Разані і Паўднёва-Сахалінску, Уфе, Екацярынбургу, Стаўрапалі.

Некаторыя рэгіянальныя СМІ са спасылкай на свае крыніцы паведамляюць пра тое, што гаворка ідзе пра буйнамаштабныя вучэнні.

Адсутнасць адназначнай інфармацыі ад сілавых структураў толькі падаграе чуткі: кажуць як пра спланаваны напад звонку, так і пра вучэнні, якія нібыта сталі нечаканасцю для саміх праваахоўнікаў. На дадзены момант найбольш верагоднымі ўяўляюцца дзве асноўныя версіі: гаворка ідзе альбо пра буйнамаштабныя вучэнні па ўсёй краіне, альбо пра скаардынаваную атаку тэлефонных тэрарыстаў.


www.racyja.com