Арцыбіскуп Кандрусевіч просіць вернікаў заставацца дома

Сёння, 3 красавіка, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў вернікаў ўстрымацца ад наведвання касцёлаў. Ён прапанаваў далучыцца да святочных набажэнствах пры дапамозе трансляцый.

2020_03_25_tk3.jpg


Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч запрасіў вернікаў у сувязі з пандэміяй каранавірусу ўстрымацца ад наведвання касцёлаў і ўдзельнічаць у святочных набажэнствах з дапамогай трансляцый. Пра гэта паведамляе сайт catholic.by.

У спецыяльным Паведамленні, што было скіраванае да духавенства і вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначае:

«Звяртаюся да вернікаў, асабліва да людзей старэйшага ўзросту, асобаў з сімптомамі хваробы і да тых, хто адчувае страх заражэння, з просьбай у гэтыя складаныя дні карыстацца дыспенсай, дадзенай раней, заставацца дома і ўдзельнічаць у набажэнствах Вялікага тыдня праз сродкі масавай камунікацыі».

Кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату дзякуе за разуменне і адначасова заклікае не паддавацца паніцы, а таксама нагадвае пра неабходнасць асабістай малітвы і магчымасць духоўнага ўдзелу ў набажэнствах з дапамогаю трансляцый па тэлебачанні, на партале Catholic.by і іншых рэсурсах.

«Усведамляючы выкліканыя пандэміяй каронавірусу складанасці як у асабістым і грамадскім жыцці, так і ў рэлігійнай практыцы, усіх вернікаў даручаю апецы Маці Божай Будслаўскай, Апякункі Беларусі, і святога Роха, заступніка ад заразных хваробаў, з надзеяй на іх заступніцтва перад Богам у прадухіленні гэтай хваробы і ад усяго сэрца благаслаўляю», — дадае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.