Аргкамітэт «Вяртанне Памяці» распачаў Марафон у памяць пра ахвяр рэпрэсій

29 чэрвеня аргкамітэт па стварэнні гісторыка-асветніцкага аб'яднання «Вяртанне Памяці» распачаў Марафон Памяці ахвяр палітычных рэпрэсій.


Сябры «Вяртання Памяці» заклікаюць мінчукоў штомесяц 29 чысла прыходзіць на месцы расстрэлаў сталінскімі катамі людзей (такіх месцаў у Мінску больш за 8 — гэта і Курапаты, і Лошыцкі Яр, і парк Чалюскінцаў, і Трасцянец, і Цівалі ды інш.), дзеля ўшанавання памяці ахвяр палітычных рэпрэсій у Беларусі.
Грамадскія актывісты заклікаюць далучыцца да Марафону Памяці прадстаўнікоў рэгіёнаў Беларусі, неабыякавых людзей, якія ведаюць жахлівую гісторыю рэпрэсій свайго края.
Першая акцыя Марафона Памяці адбылася 29 чэрвеня каля Крыжа Памяці у Лошыцкім Яры. Прысутныя упарадкавалі месца каля Крыжа, падпісалі Зварот ў Савет Міністраў «Аб захаванні гістарычнай Памяці пра ахвяр масавых рэпрэсій перыяда 1930—1950 гг. у Беларусі», і зачыталі некаторыя прозвішчы рэпрэсаваных жыхароў Беларусі перыяду 1930-50 гг., усклалі кветкі і запалілі знічкі.
Наступная акцыя Марафону Памяці адбудзецца 29 ліпеня ў парку Чалюскінцаў а 18-00.  Таксама актывісты нагадваюць, што кожны аўторак ладзяць Талаку ў Курапатах з 17-00 да 20-00 і запрашаюць далучацца ўсіх неабыякавых людзей.
Паводле інфармацыі арганізатараў