Аршанскія ўлады ўшануюць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій
Аршанскі райвыканкам у двухмесячны тэрмін плануе ўсталяваць новую памятную шыльду (наўзамен страчанай) на памятным камяні ва ўрочышчы Кабылякі ў памяць пра ахвяраў Вялікага тэрору 1937-38 гадоў.

Ліст з такім адказам за подпісам старшыні выканкама Аляксандра Пазняка атрымала ўдзельніца грамадскай ініцыятывы «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы», унучка расстралянага Івана Гіля Ларыса Арэшына.
У лісце ўказваецца, што «ў памяць пра трагічныя падзеі тых гадоў у 1990 годзе ў лясным масіве Андрэеўшчына (Аршанскі раён) ўсталяваны памятны камень, які з’яўляецца сімвалам памяці пра ўсіх ахвярах палітычных рэпрэсій». Адказ быў дадзены пасля таго, як у чэрвені група нашчадкаў сустрэлася са старшынёй райвыканкама і папрасіла вызначыць месца ў горадзе для ўстаноўкі памятнага знака ў памяць аб рэпрэсаваных.


Кіраўнік выканкаму прапанаваў абмеркаваць такі падыход на наступнай асабістай сустрэчы. «Тое, што цяпер робіцца — гэта ўжо паўкроку наперад. І 25 ліпеня мяне зноў запісалі на прыём. Пры цяперашніх абставінах гэта ўжо добра. Такая сітуацыя ў краіне, тыя ж Курапаты гэтаму добры прыклад. Я вельмі рада, што паволі нешта мяняецца», — перакананая жанчына.
Праўнук расстраляных у Оршы Захара і Ганны Хадзеўцавых і ўдзельнік грамадскай ініцыятывы Ігар Станкевіч лічыць гэта добрым крокам насустрач: «Выканкам адказаў, што Аршанскі занальны і Віцебскі абласны архівы не маюць звестак пра месцы расстрэлаў у Оршы. Верагодна, так і ёсць. Але сведкаў, якія дакладна памятаюць месцы расстрэлаў, знайсці можна. Некаторыя з іх жывуць і сёння. Захаваліся і зафіксаваныя пісьмовыя сведчанні, якія ў свой час апублікаваў у аршанскай раёнцы журналіст Юрый Копцік. Пад час чэрвеньскай сустрэчы мы падалі копіі гэтых артыкулаў. Але, мабыць, на іх не звярнулі ўвагу. Таксама мы падалі спіс 40 чалавек, расстраляных у Оршы, з указаннем нумароў архіўных спраў і папрасілі выканкам звярнуцца ў архіў КДБ па Віцебскай вобласці, каб атрымаць на іх матэрыялы. З адказу не відаць, ці быў накіраваны такі запыт. Што тычыцца абяцання абнавіць некалі скрадзеную шыльдачку — гэта адназначна станоўчы адказ. Крок наперад. Крок, які дае ўсім нашчадкам расстраляных пэўную надзею. Надзею, што, нарэшце, з'явіцца месца, хай і сімвалічнае, куды можна прыйсці і ўспомніць сваіх бязвінна забітых продкаў».

Дзякуючы прадстаўленай «Адкрытым спісам» базы дадзеных ініцыятыве «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы», удалося высветліць імёны каля 1750 савецкіх грамадзян, расстраляных у Оршы. Сярод іх больш за 1100 беларусаў, больш за 500 палякаў, каля 40 яўрэяў, былі таксама расстраляныя латышы, літоўцы, украінцы, рускія. Відавочна, гэта далёка не поўны спіс.
У Оршы вядома зменшага 6 месцаў расстрэлаў. Самыя масавыя пахаванні знаходзяцца на Кабыляцкай гары і на Магілёўскай шашы каля вёскі Панізоўе. У 1982 годзе пры будаўніцтве чыгуначных шляхоў на Кабыляках былі знойдзеныя парэшткі 50 чалавек. Афіцыйная дзяржаўная камісія ўстанавіла: расстрэлы адбываліся ў перыяд 1937-1940 гадоў органамі НКУС. У 1990-я гады мясцовыя ўлады ўсталявалі тут памятны знак.

Грамадская ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Оршы» займаецца пошукам нашчадкаў і аказанні ім дапамогі ў пошуку звестак аб рэпрэсаваных продкаў. У цяперашні час ініцыятыва ўстанавіла кантакты з больш чым 20 сваякамі забітых у Оршы. Многія з іх ужо ўсталявалі ў Кабыляках таблічкі, крыжы і нават помнік з імёнамі расстраляных продкаў.