«Арт-сядзібу» зачынілі трэці раз
Незалежная культурная пляцоўка «Арт-сядзіба» трэці раз запар засталася без памяшкання. За некалькі гадзін да запланаванага адкрыцця пляцоўкі ў будынку былой румынскай амбасады
стваральнікі «Арт-сядзібы» даведаліся, што дамова на арэнды памяшкання скасаваная.
Некалькі тыдняў таму Павал Белавус і іншыя арт-сядзібаўцы заключылі дамову на 5 гадоў на арэнду некалькіх пакояў па адрасе завулак Масквіна, 4. На сёння было запланаванае вялікае адкрыццё новага памяшкання з ўдзелам музыкаў і паэтаў.
Аднак за некалькі гадзін да яго пачатку адзін з заснавальнікаў пляцоўкі Павал Белавус даведаўся, што прадпрыемства «Сукно», якому належаў будынак, адмовілася працягваць арэнду з 10
снежня і заявіла, што плануе выкарыстоўваць офіс у сваіх мэтах. У выніку, дырэктар асноўнага арандатара, ТАА «РефОйлПродукт», у якога памяшканне бяруць у субарэнду, прапануе
скасаваць дамову арэнды па згодзе бакоў з 10 снежня.
Па словах дырэктара ўстановы Паўла Белавуса, 6 снежня ў памяшканне прыйшлі прадстаўнікі санстанцыі і МНС. У выніку асноўнаму арандатару, ТАА «РефОйлПродукт», выпісалі вялізныя
штрафы.
Раней «Арт-сядзіба» 8 месяцаў працавала ў памяшканні заводу «Гарызонт». Там паспелі адбыцца дзясяткі сустрэч з вядомымі музыкамі, мовазнаўцамі, гісторыкамі. У
ліпені 2012 году беларускамоўная прастора пазбавілася магчымасці арандаваць памяшканне, як мяркуюць яе стваральнікі, у сувязі з тым, што права на выступ у «Арт-сядзібе» мог атрымаць
кожны. У верасні 2012 сітуацыя паўтарылася: «Арт-сядзіба» зноўку пазбавілі памяшкання.
Кіраўніцтва «Арт Сядзібы» вырашыла не праводзіць імпрэзы з нагоды адкрыцця. У хуткім часе дырэктар установы Павал Белавус збіраецца ісці на перамовы ў аддзел ідэалогіі
Мінгарвыканкаму. Па яго інфармацыі, ўвесь ціск на «Арт Сядзібу» ідзе менавіта адтуль.