Асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў набірае курсантаў у лагер-семінар актыўнай рэабілітацыі

Грамадскае аб'яднанне «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў» пры падтрымцы Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь праводзіць лагер-семінар актыўнай рэабілітацыі інвалідаў-вазочнікаў. Зараз ідзе набор курсантаў на ўдзел у лагеры-семінары.



photo32.jpg

Гэтае мерапрыемства з'яўляецца адзіным падобнага кшталту на тэрыторыі Беларусі. У межах лагера (10 дзён) ўдзельнікі ў колькасці 30 чалавек з усіх рэгіёнаў краіны вучацца самастойна жыць у інвалідным вазку і ў соцыуме. Навучанне праводзяць інструктары ГА «РАІК», якія таксама перасоўваюцца ў інвалідных вазках.

«Самая асноўная задача для нас — гэта дагрукацца да тых інвалідаў, якія сядзяць па хатах і не жадаюць нікуды выходзіць. Завабіць іх для ўдзелу ў лагеры сапраўды нялёгка. Таму мы імкнемся максімальна шырока распаўсюдзіць аб'яву аб наборы ў лагер, каб сваякі, сябры і знаёмыя інвалідаў-вазочнікаў прастымулявалі інвалідаў для ўдзелу. Удзел у лагеры — бясплатны», — зазначае ГА «РАІК».

Лагер актыўнай рэабілітацыі пройдзе з 25 чэрвеня па 5 ліпеня 2016 года на базе ўстановы адукацыі «Палескі дзяржаўны універсітэт» (Брэсцкая вобл., г. Пінск). Удзел у мерапрыемстве, у тым ліку пражыванне і харчаванне — бясплатныя! Кожны з удзельнікаў атрымае ўсе неабходныя веды і навыкі па самастойнаму жыццю ў інвалідным вазку: навыкі кіравання інвалідным вазком, навыкі заняткі фізкультурай і спортам, асноўныя юрыдычныя веды, навыкі самаабслугоўвання.

Акрамя гэтага ўдзельнікі ўжывую ўбачаць станоўчыя прыклады паўнавартаснага жыцця ў вазку — напрацягу ўсяго лагера-семінара будуць жыць бок аб бок і мець зносіны з Паралімпійскімі чэмпіёнамі, бізнесменамі-інвалідамі, з людзьмі, якія будучы ў інвалідным вазку стварылі сем'і і нарадзілі дзяцей, атрымалі адукацыю і маюць добрую працу. Адабраныя ўдзельнікі, якія не атрымлівалі раней інвалідны вазок актыўнага тыпу, атрымаюць яго падчас лагера-семінара!

«Атрыманыя веды і ўменні стымулююць удзельнікаў лагера-семінара пераацаніць жыццёвыя каштоўнасці і стаць на актыўную пазіцыю, весці паўнавартасны і незалежны лад жыцця, перасоўваючыся ў інвалідным вазку», — паведамляе ГА «РАІК».

Для ўдзелу ў лагеры-семінары неабходна запоўніць анкету на сайце raik.by, альбо  спампаваць яе з сайта, запоўніць і выслаць на электронную пошту: inna.digilevich@gmail.com

або па факсе (017) 392 11 89. Вітаецца прымацаванне да анкеты сваёй фатаграфіі.

Калі адсутнічае магчымасць выхаду ў Інтэрнэт, то анкету можна запоўніць вусна па тэлефоне 8-017-392 11 89, 8-029-109 17 69.

На лагер-семінар будуць адабраныя 30 удзельнікаў! Спяшайцеся!