Ашмянская мытня не дае ні кнігу, ні інфармацыю
Салігорскі актывіст АГП Аляксандр Малочка ўсё яшчэ змагаецца за свой асобнік кнігі «Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт».
На пачатку сакавіка сп. Малочка звярнуўся да Ашмянскай мытні з чарговай просьбай даслаць вынікі першай, даўно завершанай, экспертызы згаданай кнігі. А таксама паведаміць, якая арганізацыя і з
якога часу займаецца паўторнай экспертызай.
«У выпадку ігнаравання майго законнага патрабавання схільны буду расцэньваць гэтыя дзеянні як парушэнне маіх правоў і інтарэсаў, гарантаваных мне заканадаўствам», — пісаў Аляксандр.
Намеснік начальніка мытні Раманенка ў адказ напісаў, што «экспертыза яшчэ не завершана», у сувязі з чым прадаставіць заключэнне немагчыма.
«Такое ўражанне, што яны здзекваюцца з мяне, — зазначыў Аляксандр у гутарцы з прэс-службай ГА «БАЖ». – Я не магу дамагчыся ні вынікаў першай экспертызы, ні даведацца, дзе мая кніга цяпер і куды мне звяртацца».
Нагадаем, што 14 верасня пры вяртанні з Літвы ў Беларусь у Аляксандра Малочкі на мытні забралі адзін асобнік кнігі Валера Карбалевіча«Аляксандр Лукашэнка. Палітычны партрэт» — для праверкі на экстрэмізм. Праверкай займалася Галоўнае ўпраўленнне ідэалагічнай работы Гродзенскага аблвыканкама.
Прачакаўчы адказу 4 месяцы, сп. Малочка вырашыў сам патурбаваць мытнікаў і накіраваў ім ліст з просьбай нарэшце азнаёміць яго з экспертным заключэннем. Экспертнага заключэння яму не даслалі, алепаведамілі, што кнігу ён можа забраць “па месцы захоўвання”.
Уладальнік кнігі напісаў мытнікам яшчэ адзін ліст, у якім прасіў вярнуць яму кнігу, не вымушаючы ехаць па яе з Салігорска ў Ашмяны. А таксама ўсё ж даслаць яму копію экспертызы.
18 лютага ад начальніка мытні Івана Нівяркевіча прыйшоў новы ліст: ён пісаў, што папярэдні ліст быў
“несапраўдным”, бо экспертыза гродзенскіх ідэолагаў, маўляў, не дала адказаў на ўсе пытанні. Таму кнігу накіравала ў рэгіянальны аддзел Упраўлення КДБ па Гродзенскай вобласці, каб
даследаваць на прадмет аднясення да Пераліку забароненых да ўвозу ці вывазу з тэрыторыі Мытнага саюзу тавараў.
baj.by