Асобная думка. Магілёўскія граблі
Панядзелак для кіраўніцтва МУС зранку не задаўся. Замест чарговых пераможных відэа на вядомых тг-каналах прыйдзецца адказваць на шэраг даволі непрыемных пытанняў. Не, канешне, ніхто нават і спадзяецца, што гэтыя пытанні і адказы выйдуць за межы высокіх кабінетаў, але ж тое, што яны прагучаць — бясспрэчна. Параненага супрацоўніка традыцыйна публічна ўзнагародзяць, а вось размова ў «кулуарах» хутчэй за ўсё будзе зусім не такая прыемная.
Але ж звернемся да фактаў. Раніцай у Магілёве грамадзянін параніў аднаго (а можа і двух, бо аўтамабіляў «Хуткай медычнай дапамогі» на фота два) супрацоўніка МУС, а дакладней супрацоўніка сумнавядомага «элітнага» падраздзялення. А вось далей каментар МУС і фота з месца спараджаюць больш пытанняў, чым адказаў. Па-першае, вельмі вялікія сумневы выклікаюць словы аб тым, што супрацоўнікі МУС нібыта пазналі ў мінаку «экстрэміста» і падчас «прафілактычнай гутаркі» той раптоўна накінуся на іх з нажом. Глядзім на фота.
Ходнікі на рамонце, прайсці амаль няма дзе — ідэальнае месца для спынення і той самай «прафілактычнай гутаркі»! Можна яшчэ неяк згадзіцца з тым, што мужчыну супрацоўнікі імгненна пазналі, але ж тое, што яны адразу пачалі з ім праводзіць «гутарку» — гэта, прабачце, ні ў якія вароты не лезе. Мяркую, што яны проста ў сваёй звыклай нахабна-хамскай манеры запатрабавалі ў чалавека тэлефон, а ён выцягнуў з кішэні не мабільны сродак камунікацыі, а зусім наадварот. Як прадстаўляцца гэтыя супрацоўнікі ўжо даўно забыліся, і вось вынік.
Далей, зразумела, мужчыну затрымалі. Але бравых байцоў спецназу ў бронекамізэльках са шчытамі і аўтаматамі на месцы не аказалася і затрымліваў падазраванага звычайны нарад Дэпартаменту «Ахова» пры дапамозе супрацоўнікаў ДПС, што бачна на здымку.
Ну а далей ужо пайшло па звычайнай схеме — праўладныя тг-каналы з мноствам клічнікаў і маланак пачалі вяшчаць аб «моцы і прафесіяналізме праваахоўнікаў», «узброеным да зубоў экстрэмісце», якога ў Амерыцэ абавязкова бы забілі на месцы. Звычайна падобнай тэмы ім хапала мінімум на некалькі дзён, но літаральна праз пару гадзін усе яны, нават каналы сілавікоў, як па камандзе пераключыліся на іншыя, больш звыклыя, тэмы. Толькі ўвечары неяк сціпла некалькімі радкамі паведамілі аб выніках вобшуку, дзе знайшлі ўсё, што знайшлі. З фота паказалі толькі здымак манітору са спасылкамі на файлы з назвамі, кшалту «Дроны і БПЛА», «Анатомія чалавека» і г.д. На наступны дзень ізноў цішыня. Дзіўна!
Зразумела, што затрыманаму апроч абвінавачвання ў замаху на забойства супрацоўніка МУС прышыюць яшчэ не адзін артыкул ажно да «падрыхтоўкі да тэракту». Таксама зразумела, што МУС у чарговы раз вырашыла зляпіць на каленцы гераічную гісторыю аб двух барацьбітах са злачыннасцю, якія паўсталі паміж бандытам з нажом і звычайнымі магілёўцамі і нават не выкарыстоўвалі табельную зброю ў мэтах бяспекі тых жа грамадзянаў, хаця на фота добра бачна, што аніякай табельнай зброі ў супрацоўнікаў не было. Абодва ў майках і джынсах, аніякіх прыладаў для нашэння зброі на іх проста няма — ані наплечнай аператыўнай кабуры, ані паясной. Гэта пацвярджае выпадковы характар здарэння. Але паўстаюць іншыя пытанні.
Амаль штодня з кожнага праса нам у вушы льюцца сцвярджэнні аб найвышэйшым узроўні падрыхтоўкі сілавых структур — армія можа хоць сёння нанесці непрымальныя страты любому праціўніку, міліцыя гатова да любых выклікаў, КДБ няспынна выкрывае самыя складаныя «шпіёнскія» справы. Чаму ж восеньскай раніцай 23 верасня два маладых і здаровых супрацоўніка аднаго з «элітных» падраздзяленняў МУС не здолелі хутка і прафесійна затрымаць пенсіянера? Магчыма з-за таго, што вельмі прывыклі да бронекамізэлек з каскамі і падтрымцы ўзброеных да верхавіны галавы байцоў распладзіўшыхся спецназаў. А можа і з нагоды таго, што ўжо прывыклі ваяваць з бяззбройнымі звычайнымі людзьмі і гэта аніякай спецыяльнай падрыхтоўкі зусім не патрабуе. А тут вось такая неспадзяванка!
У любым выпадку, сітуацыя для МУС вельмі непрыемная, з якога боку на яе не глядзі і якія казкі для грамадства не прыдумвай. У тэлевізары і на нарадах можна бадзёра справаздачыцца аб небывалым узроўні падрыхтоўкі па ўсім напрамках, але ж рэальнае жыццё тэлевізар не глядзіць і раскладвае граблі ў самых нечаканых месцах.