Стваральніцы фільма пра беларускія традыцыйныя спевы патрэбныя грошы на лячэнне
Рэжысёрка фільма «Песні старой Еўропы» Воля Дземка просіць дапамагчы сабраць грошы для курса плазматэрапіі.

Фота са старонкі Волі Дземкі ў фэйсбуку
Беларуская фалькларыстка і спявачка Воля Дземка жыве ў ЗША, але і там працягвае папулярызаваць беларускі фолк. Некалькі гадоў таму па выніках сваёй экспедыцыі на Палессе яна выпусціла фільм «Песні старой Еўропы», у якім распавядае пра знікаючыя песенныя традыцыі беларусаў. Цяпер Вользе патрэбная дапамога.
«Прыйшлi вынiкi бiяпсii, якая падцвердзiла вельмi рэдкае i надзвычай агрэсiўнае аўтаiмуннае захворванне, у параўнаннi з якiм нават ваўчанка лечыцца крыху лягчэй. Я зараз прымаю нейкiя aтамныя дозы лекаÿ, i мы нiбыта здолелi запаволiць абвастрэнне, але покуль не можам спынiць яго цалкам. Наступным крокам (калi здолеем мяне стабiлiзаваць) плануем як мага хутчэй экспартаваць мяне ў Мінск на курс плазматэрапii, якая у штатах каштуе нейкiх проста астранамiчных грошай», — піша Воля ў сваім фэйсбуку.
Каб дапамагчы сабраць грошы, яна прапануе ахвотным замовіць у яе дыскі з фільмам «Песні старой Еўропы». Падрабязная інфармацыя пра замову — па спасылцы.

Кадр з фільма «Песні старой Еўропы». Гурт «Жураўка» в. Іванава слабада Лельчыцкага р-на
Гэта першы англамоўны дакументальны фільм, які апавядае пра беларускія спевы. Для яго Воля здымала палескіх традыцыйных выканаўцаў у 2011-м, а потым амаль пяць год дарабляла фільм: брала каментары экспертаў, рабіла анімацыю, займалася мантажом... У фільме згадваюцца значныя даты беларускай гісторыі, апавядаецца, як песні зберагліся скрозь стагоддзі, як адрозніваюцца ад рэгіёну да рэгіёну, пра што ў іх пяецца. Галоўныя героі «Песні старой Еўропы» – вяскоўцы з Тонежа, Іванавай Слабады і Стадолічаў Лельчыцкага раёна, Дзятлавічаў Лунінецкага, Старога сяла пад Жабінкай. Некаторых з іх ужо няма сярод жывых. Іх спевы суправаджаюць каментары экспертаў – этнамузыколагаў Тамары Варфаламеевай і Дарынкі Шапавалавай, даследчыц Любові Сівуравай і Ганны Сілівончык, Вікторыі Міхно з гурта “Гуда”, Алега Хаменкі з “Палаца”, Івана Кірчука з “Тройцы”.
У апошняй частцы фільма, “Песні сёння”, можна пабачыць фрагменты выступаў гуртоў-пераймальнікаў аўтэнтычнай манеры выканання і тых, хто перапрацоўвае фальклор, сумяшчае з іншымі стылямі музыкі. Фігуруе там і гурт беларускіх спеваў VOLYA, створаны Воляй Дземкай у Сіэтле.
Фільм вельмі яркі, захоплівае гледача і не адпускае да самага канца (а ідзе роўна гадзіну). Робячы «Песні старой Еўропы», Воля арыентавалася на драматургію навукова-папулярных стужак ВВС і спадзявалася, што яе твор паспрыяе вядомасці Беларусі ў свеце. Так і атрымалася: фільм удзельнічаў у шэрагу фестываляў і ўзяў шмат узнагарод.
Апроч таго створаная адмысловая старонка для данатаў, куды можна пералічваць грошы для Волі.
