"Бацькаўшчыну” і ТБМ пазбавілі льгот па арэндзе

У Беларусі каля трох тысяч грамадскіх арганізацый. Да нядаўняга часу істотныя льготы па арэндзе памяшканняў (90% зніжка) былі ў 451 арганізацыі. У гэтым годзе спіс шчасліўчыкаў рэзка скарацілі. Пералік ільготнікаў складаецца па ўзгадненні з прэзідэнтам.



tbm2.jpg

У шорт-ліст аб'яднанняў, якім далі льготу, увайшлі практычна ўсе федэрацыі спорту, уключаючы нават... Федэрацыю гольфа. Са 195 арганізацый, якія засталіся ў спісе льготнікаў, 52 — менавіта спартыўныя федэрацыі і аб'яднанні. Цікава, што моладзевым аб'яднанням спартыўнай тэматыкі льготы прадастаўлены, а моладзевым арганізацыям інтэлектуальнай і забаўляльнай скіраванасці (“Гомельскі клуб вясёлых і знаходлівых”, “Беларускі КВЗ») — не.

Льготы атрымалі аб'яднанні інвалідаў, дабрачынныя, “чарнобыльскія” арганізацыі, тыя, якія аказваюць дапамогу дзецям, аб'яднанні шматдзетных бацькоў.

У спіс грамадскіх аб'яднанняў, якім аказваецца падтрымка, не ўвайшлі ГА “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" (ТБМ), ГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, ГА “Беларускі фонд SOS — Дзіцячая вёска”, РГА “Цэнтральная служба ананімных алкаголікаў”, БГА “Рэспубліка без наркотыкаў”, РГА "Беларуская асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА”, РГА “Ліга добраахвотнай працы моладзі”.

Чаму гэта адбылося, у Дзяржаўным камітэце па маёмасці не адказалі, спаслаўшыся на “немагчымасць даць інфармацыю”. Са спісаў вылецелі саюзы прадпрымальнікаў і экалагічныя аб'яднання.

Льгот таксама пазбавіліся саюзы нацыянальных меншасцяў, у тым ліку ГА “Саюз палякаў на Беларусі”. Аднак у шчаслівы спіс увайшлі яўрэйскія дабрачынныя аб'яднання і суполкі, а таксама Камуністычная партыя Беларусі.


spring96.org