Бацька Андрэя Бандарэнкі папрасіў Лукашэнку вызваліць сына
Валер Бандарэнка пайшоў на такі крок у той час, калі справа аб падаўжэнні тэрміну зняволення сыну «завісла ў паветры»: з суду яе накіравалі ў пракуратуру на дапрацоўку.
Круглы стол з удзелам Валера Бандарэнкі, праваабаронцаў ды журналістаў прайшоў на сядзібе БСДП у Мінску. Там бацька Андрэя распавёў пра ліст кіраўніку дзяржавы, а таксама раздаў асобнікі кнігі “Андрэй Бандарэнка. Не хуліган, а палітзняволены” прысутным.
У лісце на два аркушы пералічваюцца “правіны” Андрэя Бандарэнкі, за якія яму інкрымінуюць артыкул 411 КК РБ (“злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы”). Праз гэты артыкул, Бандарэнка можа выйсці на волю не 31 сакавіка 2017, згодна папярэдняму судоваму выраку, а затрымацца на кратамі яшчэ на два гады.
“Больш няма да каго звярнуцца…”
“Правіны”, за якія вязню зараз накручваюць дадатковы тэрмін, сапраўды ўражваюць: спазніўся з лагернай царквы на абед, пакінуў пыл на нарах, размаўляў, не трымаў рукі за спіной і г.д. Такія вось “злосныя” парушэнні далі падставу паставіць Андрэя спачатку на прафілактычны ўлік, як “схільнага да захопу закладнікаў і нападу на супрацоўнікаў адміністрацыі”, пасля змясціць у крытую турму, і, урэшце, завесці справу для падаўжэння тэрміну.
“Гэты ліст — выпакутаваны, — тлумачыць Валер Бандарэнка, — Больш няма да каго звярнуцца, каб распавесці, якія рэчы зараз адбываюцца ў дзяржаве. Пералічаныя моманты — гэта толькі невялікая частка таго, што адбываецца ў пенітэцыярнай сістэме. Як можна праз пыл і спазненне з царквы пазбавіць чалавека волі?!..”
Валер Бандарэнка перакананы, што ягоны сын праз сваю дзейнасць, звязаную з абаронай правоў асуджаных, прыносіў карысць і дзяржаве, і Лукашэнку, паказваючы свавольства і бязмежжа ў дзеяннях турэмных супрацоўнікаў. Бацька палітвязня таксама мяркуе, што прэзідэнт шмат пра якія факты можа наўпрост не ведаць.
“Майдан з-за праізволу ў судах і турмах”
“Учынак сп.Валера апраўданы і матываваны, — лічыць праваабаронца Міхаіл Пастухоў, — Трэба даносіць да людзей факты падобных здзекаў і злоўжыванняў. Калі так здарылася, што суд над Андрэем быў адкладзены, зноў жа, праз парушэнне заканадаўства, такі знак лёсу трэба выкарыстоўваць. Хай гэта адзін шанец з сотні, але трэба паспрабаваць. Улады маюць пайсці на саступкі і вызваліць Бандарэнку па першым прыгаворы 31 сакавіка 2017.”
Іншы праваабаронца, Алег Волчак, нагадаў, што ў краіне зараз рэалізуецца тактыка схаваных рэпрэсіяў. З Беларусі знятыя санкцыі, але дзяржава не робіць крок насустрач Захаду. Добрым крокам, на яго думку, было б вызваліць усіх палітвязняў да чэрвеня.
“Мы набліжаемся да майдана, — тлумачыць Волчак, — але не за еўрапейскія каштоўнасці і не за аб’яднанне з Расеяй. Майдан будзе з-за праізволу ў судах, у турмах, праз карупцыю ва ўсёй сістэме. Наперадзе рэвалюцыя, якая будзе арганізаваная не намі, а простымі людзьмі, калі справы і далей пойдуць такім чынам".
Свой ліст Лукашэнку Валер Бандарэнка абяцаў перадаць адразу ж пасля круглага стала праз прэзідэнцкую прыёмную ў будынку Адміністрацыі Прэзідэнта.