Бацька Пратасевіча: усхваленні Лукашэнкі — гэта ўсё вынік катаванняў
Дзмітрый Пратасевіч лічыць, што ў СІЗА КДБ сына катавалі, з яго здзекаваліся. Ён не выключае і выкарыстання псіхатропаў, паведамляе «Еўрарадыё».
Дзмітрый Пратасевіч у эфіры тэлеканала «Дождь» пракаментаваў «інтэрв'ю» з сынам, якое напярэдадні паказаў тэлеканал АНТ. Ён адзначыў, што «карэспандэнт дзяржканала мае больш правоў, чым адвакат, якога ўжо больш за пяць сутак не пускаюць да Рамана».
«Я ўпэўнены, што яго прымусілі, — кажа Дзмітрый Пратасевіч. — Упэўнены, што яго запалохвалі. Ён больш за тыдзень знаходзіцца пад ціскам... Гэта вынік таго, што яго проста запалохалі, прыгразілі, можа быць, жыццём дзяўчыны і яго жыццём».
Бацька Пратасевіча лічыць, што ў СІЗА КДБ сына катавалі, з яго здзекаваліся. Ён не выключае і выкарыстання псіхатропаў.
«І словы, і фармулёўкі, і тое, як ён падае інфармацыю, і гэтыя ўсхваленні Лукашэнкі — гэта ўсё вынік катаванняў, гэта вынік таго, у які псіхалагічны і фізічны стан яго зрынулі», — заявіў Дзмітрый Пратасевіч.