Бацькі: Грошы на рамонт школ будзеце браць з продажу свайго сумлення на выбарах
Бацькі пішуць, што не панясуць кветкі ў школу 1 верасня, настаўнікі ў роспачы, распавядае сайт rebenok.by
Вынікі выбараў і паводзіны чальцоў выбарчых камісій выклікалі гнеў і абурэнне беларусаў усёй школьнай сістэмай.
Бацькі абвінавачваюць настаўнікаў у фальсіфікацыях, абяцаюць, што не панясуць 1 верасня кветкі і не здадуць больш ні капейкі на рамонт, мыла і туалетную паперу.
Многія настаўнікі цяпер ў роспачы. Але, нягледзячы на хвалю асуджэння, робяць усё, што ў іх сілах, каб вярнуць гонар прафесіі.
Што абурае бацькоў
Многія бацькі незадаволеныя вынікамі выбараў — і віну ўскладаюць у тым ліку на школу. Беларусы заклікаюць не несці кветкі на лінейку 1 верасня, а таксама не здаваць грошы на школьныя справы, не дапамагаць з рамонтам, не ставіць вокны. Бацькі пішуць, што калі б была такая магчымасць, аддалі б дзіця ў прыватную школу. Кажуць пра тое, што страцілі павагу да педагогаў, і не ведаюць, як будуць цяпер ім глядзець у вочы.
Да некаторых школ беларусы прыносяць граматы вучняў на знак страчанага даверу і павагі да настаўнікаў, а таксама лампады з цыдулкамі: «Тут пахаваны мой голас».
Фатаграфіі і кантакты работнікаў школ, якія ўваходзілі ў склад камісій, з'яўляюцца ў розных тэлеграм-каналах. У нас ёсць інфармацыя, што настаўнікам прыходзяць паведамленні з пагрозамі на іх адрас. Людзі напалоханыя.
Ёсць тыя, хто спачувае настаўнікам, якія не ўдзельнічалі ў выбарах, і не разумеюць, чаму яны цяпер павінны трываць асуджальныя позіркі дзяцей і бацькоў. Цкаванне трэба спыніць, лічаць некаторыя бацькі, інакш са школы сыдуць усе прыстойныя і прафесійныя педагогі.
Што кажуць педагогі
Настаўнікі, з якім удалося пагутарыць, у роспачы. Некаторыя з іх кажуць, што «адчуваюць сябе саўдзельнікамі», хоць не мелі да выбараў ніякага дачынення. Прыводзім меркаванне настаўніка рускай мовы і літаратуры адной са сталічных школ, якое першапачаткова было размешчана ў «Супольнасці настаўнікаў» і падтрыманае многімі педагогамі:
— Разрываецца сэрца, калі чытаеш паведамленні людзей, якія гатовыя пляваць у твар кожнаму настаўніку ў нашай краіне, якія ненавідзяць цяпер усіх настаўнікаў і сілкуюць гэтай нянавісцю сваіх дзяцей. І ўсё гэта з-за невялікай групоўкі прагных і беспрынцыповых людзей, якія паставілі свае інтарэсы вышэй за інтарэсы ўсяго насельніцтва нашай цудоўнай краіны.
Нараджаюцца пытанні, на якія, баюся, вельмі складана будзе знайсці адказы, стоячы перад дапытлівымі поглядамі нашых заўтрашніх вучняў і перад бацькамі, якія не паважаюць настаўнікаў. Балюча і крыўдна! Так і хочацца ў «тых нямногіх» спытаць: «За што ж вы так?».
Пры гэтым настаўнікі звяртаюцца да бацькоў і просяць разумення: нельга па невялікай групоўцы людзей меркаваць пра ўсіх.
— Паверце, у нас велізарная колькасць складанасцяў, якія пастаянна даводзіцца пераадольваць на сваім прафесійным шляху, але мы імкнёмся ўсё пераадолець і застацца вернымі пакліканню і свайму гонару. У нас ёсць выдатныя настаўнікі, якія аддаюць душу, час, сілы сваім вучням больш, чым родным дзецям. Улічваючы гэта, ніяк нельга па невялікай групоўцы людзей меркаваць пра ўсіх, прычэсваць ўсіх пад адзін грабенчык.
Настаўнікі просяць калегаў гаварыць праўду
Вядомая настаўніца Ганна Севярынец, з якой не працягнулі кантракт у чэрвені праз яе верш-зварот да беларускага кіраўніка, заклікала калег, супрацоўнікаў сістэмы адукацыі, адкрыта распавядаць пра тое, што адбывалася на ўчастках, каб зняць кляймо ганьбы з настаўніцкай прафесіі:
— Цяпер, калі ўся краіна ўстае супраць гвалту, хлусні і няпраўды — заводы, бальніцы, музеі, офісы — я хачу звярнуцца да тых супрацоўнікаў сістэмы адукацыі, якія ўблыталіся ў злачынства сфальсіфікаваных выбараў. Увесь час, пакуль мы звярталіся да вас да выбараў, я называла вас калегамі. Назаву і цяпер, хаця менавіта вашы злачынствы справакавалі пратэст і, адпаведна, жудасны гвалт у дачыненні да мірных людзей.
Гэта вы, людзі, якія не вывесілі альбо вывесілі сфальсіфікаваныя пратаколы, выклікалі міліцыю на незалежных назіральнікаў, хамілі журналістам, прыпісвалі вынікі — разам з уладай наўпрост вінаватыя ў тым, што зараз адбываецца. Гэта з-за вас ляжаць тварам у зямлю нашы вучні на Акрэсціна і ў Жодзіна. Гэта з-за вас катуюць мірных людзей, прыгожую моладзь. Гэта з-за вас Беларусь аказалася на парозе сусветных санкцый, банкаўскага крызісу, міжнароднага асуджэння. Вы думалі, што вы маленькія людзі і нічога не можаце. Дык вы змаглі.
Я заклікаю вас, калегі, зняць кляймо ганьбы з нашай прафесіі. Я заклікаю вас сведчыць і гаварыць праўду. Яшчэ ёсць час, літаральна апошнія хвіліны, папрасіць прабачэння ў людзей і стаць на іх бок. Сведчыце пра фальсіфікацыі, у якія вас уцягнулі, успамінайце сапраўдныя лічбы, расказвайце, хто з вас невінаваты і адмаўляўся падпісваць пратакол. Вашыя імёны ведаюць усе. Не спазніцеся выбачыцца!
Беларускія настаўнікі сфармулявалі адкрыты зварот да ўладаў, міліцыі і АМАПу. Яго падпісалі ўжо больш за тысячу чалавек. Настаўнікі просяць адмены несумленных выбараў:
— Беларускае настаўніцтва асуджае шматлікія парушэнні выбарчага заканадаўства, на якія ішлі члены выбарчых камісій і якія зафіксаваныя назіральнікамі. Мы патрабуем адмены сфальсіфікаваных вынікаў галасавання, агалошаных ЦВК, і прыняцця мер, якія забяспечаць выбарцам права на поўную і праўдзівую інфармацыю пра сапраўдны выбар беларускага народа.
Таксама педагогі звяртаюцца да сілавікоў з адзінай просьбай: спыніць гвалт.
— Мы вучылі вас усіх: і тых, хто зараз страляе ў мірных людзей, і тых, хто стаіць пад кулямі. Мы аднолькава любілі вас, і тых, і іншых. Нам балюча бачыць, што адных мы навучылі быць смелымі, сумленнымі, адчайнымі ў барацьбе за свае правы — а другіх адправілі ў свет без належнай прышчэпкі супраць злачынных загадаў.
Паводле Ребёнок BY