«Баязлівасць бацькоў сёння — рабства дзяцей заўтра»
«Вы баіцеся за сваю сям’ю, а як тым сем’ям, у якіх забілі родных? Як тым сем’ям, родныя якіх сядзяць у турме, а гэта каля 1000 чалавек? Як тым дзецям і бацькам, у чые сем’і ўрываюцца з ператрусам у любы час дня і ночы?» — віляйчанка, былы педагог, Вольга Шостак пракаментавала «Рэгіянальнай газеце» прафсаюзныя лісты, якія цяпер па ўсёй заклікаюць падпісаць супраць санкцый Еўрасаюза.
Былы педагог рытарычна запытала ў працоўных, ці дала ім улада справаздачу, куды і як патраціла народныя грошы? Ці давалі працоўныя сваю згоду і дазвол, каб замест іх улада брала крэдыты і пазыкі на свае патрэбы?
— Прымушаюць падпісаць прафсаюзны ліст аб незаконным ціску ЕС на краіну ў выглядзе санкцый?
На вас ціснуць, а як тым беларусам, якіх забілі ці катавалі? Больш за 1800 пададзеных заяў у органы з нагоды збіцця і катаванняў – і няма ніводнай справы супраць сілавікоў. Больш за тое, супраць многіх пацярпелых распачалі крымінальныя справы і пасадзілі!
Вы баіцеся за сваю сям’ю, а як тым сем’ям, у якіх забілі родных? Як тым сем’ям, родныя якіх сядзяць у турме, а гэта каля 1000 чалавек? Як тым дзецям і бацькам, у чые сем’і ўрываюцца з ператрусам у любы час дня і ночы?
Вам страшна адмовіцца, а як тым 32 тысячам беларусаў, якія прайшлі праз рэпрэсіі з-за выбараў? Вы баіцеся, што вас звольняць, а як тым, каго ўжо звольнілі або тым дзясяткам тысяч, каму давялося бегчы са сваёй радзімы, таму, што тут іх жыццю, свабодзе пагражае небяспека?
А хто прымушае падпісаць ліст, цісне і запалохвае? Тыя, хто быў у выбарчых камісіях, зрабіў белае чорным, і на чыіх руках кроў забітых, збітых, пакалечаных беларусаў, слёзы дзяцей і дарослых!
Баязлівасць бацькоў сёння — рабства дзяцей заўтра!
А цяпер наконт эканамічнага ўрону. Палічыце, колькі дапамогі можна было аказаць рабочым і іншым за тыя 350 мільёнаў долараў, якія былі выдаткаваныя для адключэння інтэрнэту па ўсёй краіне пасля выбараў?
Колькі вашых грошай было выдаткавана для пастаяннага ўводу ўзброеных сіл, тэхнікі і прымянення зброі ў Мінску і іншых гарадах для знішчэння іншадумства?
Колькі грошай выдаткавалі на такія праекты, як флагшток ў Гомелі, парад падчас эпідэміі, закупка транспарту для сілавікоў і іншыя?
Пры гэтым у канцы года грошай не хапіла — дэфіцыт, ды яшчэ крэдыт бралі, безнаяўныя аблігацыі прадавалі.
Вы давалі сваю згоду і дазвол, каб вашы падаткі так выкарыстоўвалі? Каб замест вас бралі крэдыты і пазыкі? Вам далі справаздачу, куды і як патрацілі народныя грошы?
У 2021 годзе па плане таксама не хопіць каля двух мільярдаў долараў. Затое залезлі ў кішэню да кожнага — падаткі паднялі для ІТ-шнікаў, на лекі, дзіцячыя тавары, мабільную сувязь, дарожны падатак і г.д., нават падатак на выезд з краіны. У бюджэце на 2021 на 23% адабралі выдаткі на жыллёва-камунальную гаспадарку, затое значна дадалі грашовую дапамогу сілавікам. А ЖКГ — гэта ўсе камунальныя сеткі, дарогі горада: не было нармальных і не будзе — грошай няма.
Можа хопіць апраўдваць гвалт і разменьваць чалавечыя жыцці і зламаныя лёсы беларусаў на ўмоўныя грошы? Жыццё — адно! Ніхто не мае права на гвалт у дачыненні да чалавека і яго сям’і!
Кожны грамадзянін абавязаны паважаць і шанаваць сваё і чужое жыццё і адстойваць свабоду!
Трэба толькі аб’яднацца і зразумець — лепш адзін раз стрываць, але давесці ўсім разам справу да разумнага завяршэння, пасля якога будзе аздараўленне і развіццё.»
Паводле rh.by