Баптыстам Бабруйска вынеслі папярэджанне з-за грамадзян ЗША
Магілёўскі аблвыканкам вынес папярэджанне бабруйскай суполцы евангельскіх хрысціян-баптыстаў «Царква Ласкі Гасподняй». Прычына — 9-10 верасня абшчына без узгаднення праводзіла рэлігійныя мерапрыемствы з удзелам групы грамадзян ЗША.
Тэкст адпаведнага ліста ў сваім блогу прыводзіць галоўны рэдактар часопіса Саюза евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Беларусі “Крыніца жыцця” Васіль Трубчык.
Абласныя ўлады ўбачылі ў гэтым парушэнне арт. 29 закона Беларусі «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» і Палажэння аб парадку запрашэння замежных грамадзян і асоб без грамадзянства ў Рэспубліку Беларусь у мэтах заняткаў рэлігійнай дзейнасцю.
Намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашка патрабуе не дапускаць падобных парушэнняў у далейшым і пагражае ў адваротным выпадку прыпыніць дзейнасць абшчыны і звярнуцца ў суд з заявай аб яе ліквідацыі.
Як адзначыў Васіль Трубчык, многім людзям у свеце такія абмежаванні незразумелыя, «бо, да прыкладу, я сам, па запрашэнні маіх адзінаверцаў, быў у дзясятцы краін свету, прапаведаваў там Слова Божае, вучыў і ніякіх дадатковых дазволаў не трэба было атрымліваць ні мне , ні тым, хто мяне запрашаў».
«У прынцыпе, можна было б царкве хадайнічаць перад уладамі аб рэлігійнай візе для гасцей, але, з вопыту вядома, што такія атрымаць праблематычна. Больш за тое, мы ведаем, што госці з іншых краін могуць з’явіцца раптоўна, праездам, бо многім з іх не патрабуецца ніякая віза. І калі яны патрапілі на набажэнства да вас у царкву, то вы не можаце ім даць слова, не ўзгадніўшы гэту справу з уладамі. Царква ў гэтых адносінах не мае права ступіць крок налева або направа. Такая ў яе «свабода сумлення» і «права»», — заявіў ён.
Паводле яго слоў, фактычна ўсе службіты евангельскіх цэркваў лічаць гэты Закон не адпаведным сваёй назве, прычыняючым шматлікія праблемы для цэркваў. «Бо, калі царква атрымала дзяржаўны мандат, г.зн. рэгістрацыю, то яна мае права вырашаць, каго запрашаць да сябе ў якасці настаўніка. Але, аказваецца, гэта павінен вырашыць чыноўнік, які займае пэўную пазіцыю ў дзяржаве. А калі замежны настаўнік, прыехаўшы па запрашэнні царквы, парушае беларускае заканадаўства, то няма праблемы выправадзіць яго з краіны. Але законы павінны дапамагаць людзям жыць, а не ўскладняць іх жыццё. Як бачым, чыноўнікі пагражаюць зачыніць царкву ЕХБ у Бабруйску. Спадзяемся, што да гэтага справа не дойдзе, у адваротным выпадку, прыйдзецца сыходзіць у падполле», — падкрэсліў Васіль Трубчык.
krynica.info