Баранавіцкі авіязавод будзе рамантаваць самалёты краіны НАТА

У беларускіх тэлеграм-каналах з'явілася інфармацыя, што ў хуткім часе Баранавіцкі авіярэмонтны завод пачне рамонт балгарскіх Су-25. Пра гэта паведамляе Наша Ніва

su253_5euqq.jpg

«Гісторыя там была такая: амерыканцы прапаноўвалі балгарам адмовіцца ад Су-25 і прадаць іх у Афрыку, умоўна. А ўзамен купіць у іх А10 і F16. Але балгары пралічылі плюсы і мінусы і падумалі, што выгадней будзе адрамантаваць сушкі, — паведамляе канал «Кульгавы д'ябал».
Цікавостка тут у тым, што Балгарыя — гэта краіна НАТА. Прэцэдэнт абслугоўвання заходнікаў у Беларусі мог бы адкрыць вялікі рынак мадэрнізацыі ваеннай тэхнікі іншых краін ЕС.


Раней ужо хадзілі чуткі, што Баранавіцкі завод можа рамантаваць тыя самалёты — толькі ён адзін адгукнуўся на адпаведны тэндар балгарскіх ваенных. Але сітуацыя затармазілася праз тое, што структуры Альянса ўсё ніяк не санкцыянавалі абслугоўванне ў Беларусі праз вайсковы саюз з Расіяй.
Дык ці сапраўды ўдалося ўрэгуляваць гэтыя пытанні і заключыць дамову?
Кіраўніцтва Баранавіцкага завода ў размове з «Нашай Нівай» адмовілася каментаваць адносіны з балгарамі: «Гэта ДСК [для службовага карыстання], можа, вам раскажуць у Ваенпраме», — адказаў галоўны інжынер.
У Дзяржваенпраме таксама спаслаліся на камерцыйныя таямніцы: «У такіх сітуацыях бывае, што бакі ў кантракце дамаўляюцца аб неразгалошванні нейкіх або ўсіх дэталяў», — сказалі ў прэс-службе.
Шараговыя работнікі авіязавода, занятыя на рамонце тэхнікі, на ўмовах ананімнасці паведамілі, што балгарскія самалёты неўзабаве прыбудуць у Баранавічы: «Рыхтуемся чыніць».