Баранавічы: неверагодныя лічбы галасавання па месцы жыхарства

Выбары ў мясцовыя саветы высветлілі надзвычай “высокі” адсотак галасавання па месцы жыхарства. Так, на выбарчым участку № 49 у дзень выбараў 23 сакавіка прагаласавала, па дадзеных незалежных назіральнікаў, 396 выбаршчыкаў, а па месцы жыхарства – 403 чалавекі, г. зн., больш, чым на выбарчым участку за цэлы дзень галасавання.



vybary_2014_2.jpg

Арганізацыяй галасавання на даму займаліся толькі 2 сябры выбарчай камісіі з адной выноснай скрыняй, якія прыблізна за 3 гадзіны сабралі 403 подпісы (!) грамадзян.

Выклікае недавер, што на тэрыторыі выбарчага ўчастку пражывае 26,5 % выбаршчыкаў — інвалідаў і цяжкахворых людзей, якія не могуць прыйсці на ўчастак галасаваць. Здзіўляе таксама фантастычная прадукцыйнасць працы 2-х сябраў камісіі, якімі кіруе нядаўняя загадчыца ідэалагічнага аддзела гарвыканкама Таццяна Жытко. Цікава, што 11 астатніх сяброў камісіі за цэлы дзень выбараў прынялі толькі 396 выбаршчыкаў.

Такая ж карціна назіраецца і на выбарчым участку № 43, камісію якога ўзначаліў дырэктар СШ № 21 Мікалай Жукоўскі. На гэтым участку прагаласавала ў дзень выбараў, па дадзеных незалежных назіральнікаў, 563 выбаршчыкаў, а па месцы жыхарства — 423 чалавека (24,9% ад усіх прагаласаваўшых), што фізічна зрабіць 2-м чалавекам з адной скрыняй за некалькі гадзін проста немагчыма.

— Фальсіфікацыя гэтых выбараў набыла масавы характар. Калі такое нахабства магчыма ў прысутнасці незалежных назіральнікаў, то ўявіце сабе, што робіцца на выбарчых участках, дзе няма альтэрнатыўных кандыдатаў і незалежных назіральнікаў, — адзначыў назіральнік Сяргей Гоўша.

Фота: Сяргей Гоўша (першы злева) на выбарчым участку № 43

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

spring96.org