Баранавічы: райвыканкам прыцягваецца як суадказнік па справе Мілавідскага фэсту

У судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы 26 ліпеня адбыўся разгляд зыскавай заявы актывіста Руху “За свабоду” Віктара Сырыцы на дзеянні афіцыйнай газеты Баранавіцкага райвыканкама “Наш край”. 



syryca_viktar_sud_milavidy.jpg

Віктар Сырыца

Разглядала гэтую грамадзянскую справу суддзя Вольга Апановіч, якая задаволіла хадайніцтва Віктара Сырыцы весці судавытворчасць на беларускай мове.

Нагадваем, што Віктар Сырыца падаў зыскавую заяву ў суд на мясцовую афіцыйную газету “Наш край”, якая 30 траўня надрукавала інфармацыю пра культурніцкае мерапрыемства ў гонар паўстанцаў 1863 года ля Мілавідскіх помнікаў, якое павінна было адбыцца 2 чэрвеня а 12.30. Прачытаўшы пра гэтае афіцыйнае мерапрыемства, Віктар Сырыца замовіў аўтобус і арганізаваў паездку аматараў гісторыі на анансаваны культурніцкі фэст. Аднак 2 чэрвеня а 12.30 ля Мілавідскіх помнікаў нікога не было.

У судзе Віктар Сырыца дамагаўся, каб суд абавязаў рэдакцыю газеты “Наш край” папрасіць прабачэння ў сваіх чытачоў за падман грамадзян горада Баранавічы і Баранавіцкага раёна, спагнаць з газеты панесеныя страты, звязаныя з арэндай аўтобуса ў памеры 2 мільёны 300 тысяч рублёў і вярнуць дзяржпошліну.

Адказнік, галоўны рэдактар газеты “Наш край” Міхаіл Шубіч, заяўляў, што газета не нясе адказнасць за змест аб’яваў і адхіляў усе патрабаванні.

У выніку судовых спрэчак вырашылі перанесці судовае пасяджэнне на 9 жніўня і прыцягнуць да гэтай грамадзянскай справы ў якасці суадказніка Баранавіцкі райвыканкам.


spring96.org