Барыс Хамайда: Веданне гісторыі — гарантыя незалежнасці
Барыс Хамайда — асоба легендарная: гэта адзін з самых вядомых апазіцыйных грамадскіх дзеячаў у Беларусі, і ўжо дакладна самы вядомы — у Віцебску.

Ужо 27 гадоў Барыс
Хамайда трымае абарону сваёй “выспы незалежнасці” — невялікага ўчастка
тэрыторыі ў цэнтры гораду, дзе ў пачатку 1990-х ладзіліся пікеты, а цяпер
распаўсюджваецца вольная беларуская прэса.
Да Барыса Хамайды часта падыходзяць віцебскія мінакі — каб абмеркаваць апошнія навіны, параіцца, а то і паспрачацца. Аб’ектам спрэчак нярэдка становіцца бел-чырвона-белы сцяг, якім распаўсюднік аздабляе сваё “працоўнае месца”, ці герб “Пагоня”, ці нават беларуская мова ў вуснах Барыса Хамайды.
Але ён перакананы: толькі веданне беларускай гісторыі і беларускай мовы ёсць гарантыяй незалежнасці краіны:
— Пагроза нашай незалежнасці — ёсць. Яна ідзе з усходу. Бо там імперыя, і нічога не зробіш. Калі нацыянальнае ігнаруецца — мова, гісторыя — то ніша запаўняецца іншай мовай і хлуслівай гісторыяй. У пачатку 1990-х гадоў, па маіх назіраннях, беларускай мовы ў нас было болей, чым зараз. Веданне беларускай мовы і гісторыі — гэта гарантыя нашай незалежнасці.