Бастунец: У першую чаргу я скасаваў бы Міністэрства інфармацыі

Пры падрыхтоўцы змяненняў у закон аб сродках масавай інфармацыі будзе ўлічвацца меркаванне грамадскіх арганізацый. Пра гэта заявіў міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч.

bastunez.jpg

Якія сюрпрызы рыхтуюць улады незалежным журналістам і блогерам?
Паводле яго слоў, будзе праведзена грамадскае абмеркаванне змен у законапраект, падчас якога Мінінфарм ўлічыць заўвагі і прапановы недзяржаўных арганізацый.
Ці прыслухаюцца ўлады да голасу незалежных журналістаў?
— Можа, меркаванне нейкіх арганізацый і будзе ўлічана. Але я пакуль не бачу з боку міністэрства жадання кантактаваць з намі, — кажа старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец.
Ён адзначае, што яшчэ ў пачатку лістапада мінулага года, пасля таго, як Аляксандр Карлюкевіч паведаміў аб планаваных зменах у закон аб сродках масавай інфармацыі, БАЖ афіцыйна звярнуўся ў Мінінфарм з просьбай прыцягнуць грамадскасць да абмеркавання гэтага законапраекта і наогул зрабіць яго публічным.
 Нават па законе аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб адказ мы павінны былі б атрымаць у снежні. Але мы не атрымалі не тое што адпіскі, а наогул ніякага адказу на гэты зварот, — кажа кіраўнік БАЖ. — Каб не ўвязвацца ў канфрантацыю з новым міністрам, мы звярнуліся да яго другі раз з тым жа самым запытам аб будучых зменах у заканадаўства аб СМІ. Чакаем адказу...
— На ваш погляд, навошта ўладам патрэбныя папраўкі ў закон аб СМІ?
— Напрамак будучых зменаў быў агучана: узмацненне дзяржаўнага рэгулявання інтэрнэту, у тым ліку сацыяльных сетак. Мяркую, што Мінінфарму хочуць даць права блакаваць сацсеткі, каб у іх не размяшчалася непажаданая уладам інфармацыя.
— Як вы лічыце, чаму гэта робіцца менавіта цяпер?

— Дакладны адказ на гэтае пытанне могуць даць толькі самі ініцыятары змяненняў у закон аб СМІ. Хачу толькі нагадаць, што ў 2019-2020 гадах нас чакаюць чарговыя выбарчыя кампаніі, больш сур'ёзныя, чым нядаўнія выбары ў мясцовыя саветы.
— Калі б у вас была такая магчымасць, то змены ў закон аб СМІ вы б ўнеслі?
 У першую чаргу, я скасаваў бы Міністэрства інфармацыі з тымі функцыямі, якія яно сёння выконвае. Закон аб СМІ не мае ніякага дачынення да дэмакратычнага заканадаўства аб мас-медыя. Таму я і сказаў аб ліквідацыі міністэрства, якое сёння мае надзвычайныя паўнамоцтвы для рэгулявання распаўсюду інфармацыі: ад зусім адвольнай блакіроўкі сайтаў да ціску на традыцыйныя медыя.
У законе неабходна канкрэтна прапісаць выпадкі, калі могуць быць ужытыя абмежавальныя меры як да традыцыйных медыя, так і да інтэрнэт-выданняў.
Наглядная і карная роля дзяржавы павінна быць рэзка скарочаны. Абмежаванні свабоды мас-мэдыяў павінны адпавядаць тым міжнародным стандартам, якія ўжо выпрацаваны, у прыватнасці, практыкай Еўрапейскага суда па правах чалавека і Камітэта ААН па правах чалавека.
Паводле Заўтра тваёй краіны