БАЖаўцы наведалі Ірыну Халіп

Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў прыйшлі да дома журналісткі Ірыны Халіп з кветкамі і паветранымі шарамі, каб выказаць ёй падтрымку, праявіць салідарнасць з калегай.



f2e84d98d6dc0c7acd56b40509355666.jpg

Сябры Беларускай асацыяцыі журналістаў прыйшлі да дома журналісткі Ірыны Халіп з кветкамі і паветранымі шарамі, каб выказаць ёй падтрымку, праявіць салідарнасць з калегай.

Ірыне Халіп, забаронена падыходзіць да вакон, карыстацца тэлефонам, кампутарам, таму з журналістамі размаўляла ў пад’ездзе маці Ірыны Люцына Халіп. Яна расказала, што калі Ірына прыехала дадому з СІЗА КДБ, то сын Данік быў вельмі шчаслівы. “Павіс на ёй сказаў: "Я як малпачка…", — расказала пра рэакцыю трохгадовага хлопчыка Люцына Халіп. —  Спытаў, чаму ты без таты? Мы сказалі, што тата працуе, і таму затрымліваецца.

Люцына Юр’еўна расказала, што двое супрацоўнікаў КДБ, якія ўвесь час знаходзяцца ў кватэры, паводзяць сябе прыстойна. Але чаем іх сям’я Ірыны не поіць і абедамі не частуе, бо “з чаго б гэта?. Яна сказала, што Ірына будзе вельмі радая падтрымцы калег.

Цікава, што калі журналісты размаўлялі з Люцынай Юр’еўнай у пад’ездзе дома, дзверы пад’езду адчыніў вядомы дырыжор Міхаіл Фінберг. Але, пабачыўшы натоўп журналістаў з відэакамерай, фотаапаратамі і кветкамі, хуценька рэціраваўся на вуліцу. Журналісты выказалі здагадку, што кампазітар проста не захацеў патрапіць у кадры разам з “нячэснымі журналістамі.

“Сімвалічна, што калі мы стаялі пад вокнамі Ірыны Халіп, у Брусэлі адбываўся разгляд беларускага пытання, — зазначыў сябра БАЖу Эдуард Мельнікаў. — Напэўна мы мусім разлічваць на тое, што міжнародная, журналісцкая падтрымка, кіраўнікоў іншых дзяржаў мае сэнс, дапаможа ўтрымаць сітуацыю ад яшчэ горшых падзей, чым мы маем.

 Назаўтра стала вядома: супрацоўнікі КДБ папярэдзілі, што інтэрв’ю журналістам бацькоў могуць нашкодзіць Ірыне Халіп. 

Фота Беларускай асацыяцыі журналістаў