БХД папросіць пракуратуру даць ацэнку выказванням Генадзя Давыдзькі
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі пракаментаваў заяву старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі, які ў эфіры галоўнага дзяржаўнага каналу назваў украінскі вокліч «Слава Украіне!» нацысцкім.
![rymasheuski.jpg rymasheuski.jpg](/img/v1/userfiles/images/rymasheuski.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Вокліч «Слава Украіне! — Героям слава!» з’яўляецца нацыянальным украінскім воклічам. Яго выкарыстоўваюць як простыя грамадзяне, так і вышэйшае кіраўніцтва краіны, уключаючы прэзідэнта. І падобнае выказванне чалавека, які кіруе галоўнымі беларускімі дзяржаўнымі тэлеканаламі, недапушчальна. Свае прыватныя погляды ён мог бы трымаць пры сабе, але тое, што прагучала з яго вуснаў на тэлеэкране, успрымаецца як афіцыйная пазіцыя высокага беларускага чыноўніка», — адзначыў ён.
«Выказванне Давыдзькі наўпрост абражае ўкраінскі народ, распальвае міжнацыянальную варожасць і тым самым парушае Крымінальны кодэкс. Дзякуючы такім «дзеячам», беларусаў спрабуюць уцягнуць у братэрскую крывавую бойню, якую распалілі шавінстычныяпрапагандысты на ўсходзе Украіны. Мы будзем звяртацца ў пракуратуру з патрабаваннем даць ацэнку заявам Давыдзькі на прадмет парушэння ім заканадаўства Рэспублікі Беларусь», — заявіў Віталь Рымашэўскі.