БЧБ, але не зусім: што з «зарэгістраванай» сімволікі падыдзе для пратэстаў

Адзін з галоўных аргументаў, якія даказваюць «віну» пратэстоўцаў у судах, — наяўнасць «незарэгістраванай сімволікі». Сёння за яе, гэта значыць за бел-чырвона-белы сцяг, караюць нават тых, хто проста вешае сцяг у сябе на балконах.

1606980184434421.jpg


На той жа падставе — сімволіка «не зарэгістраваная» — адмаўляюць тым, хто спрабуе атрымаць дазвол на такі «адзіночны пікет» — менавіта так улады трактуюць вывешванне сцяга на балконе.

Знаходлівыя беларусы не разгубіліся і сталі выстаўляць на відочнае месца скрынкі ад LG Smart TV — белыя з чырвонай паласой пасярэдзіне. А Еўрарадыё знайшло іншае выйсце з сітуацыі. Можна падаць заяўку на «балконны пікет» са сцягам, афіцыйна зарэгістраваным у Беларусі і цалкам прыдатным для выражэння пратэсту.


Партыі і грамадскія аб'яднанні

Партыйная сімволіка таксама павінна рэгістравацца — таму вымпелы, сцягі і значкі партый зацвярджаюцца чыноўнікамі. І ў спісе «ўхваленых» ёсць шмат бел-чырвона-белых сцягоў.

Напрыклад, у Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП) афіцыйная сімволіка — чырвоны конь на белым фоне. Спалучэнне колераў якраз такое, як трэба.

lahatyp_partyi_bnf.jpg


У партыі «Беларускі народны фронт» (БНФ) сімвал — чырвоная «Пагоня» на белым фоне. Яшчэ бліжэйшы да нацыянальнага сцяга афіцыйны сцяг дзвюх партый «Грамада» — бел-чырвона-белае палатно з эмблемамі (кветкай) бліжэй да дрэўка.

efizdsuwkaepqkn.jpg


Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ таксама выкарыстоўвае бел-чырвона-белае палатно са сваёй эмблемай. Аднак звестак аб афіцыйнай рэгістрацыі гэтай сімволікі няма.

dzjady_201.jpg


Ёсць прыдатныя спалучэнні і на афіцыйна зарэгістраваных сімвалах беларускіх грамадскіх аб'яднанняў. Напрыклад, сцяг Незалежнага прафсаюза гарнякоў, хімікаў, нафтаперапрацоўшчыкаў, энергетыкаў, транспартнікаў, будаўнікоў і іншых работнікаў — бел-чырвонае палатно з літарамі «БНП».

Ёсць БЧБ і на сцягу Фонду імя Льва Сапегі, а акрамя яго там — выява магната і яго герба. Цалкам годны персанаж для таго, каб удзельнічаць у «балконным пікеце».


Пагоня побач

Герб «Пагоня» — зарэгістраваная гісторыка-культурная каштоўнасць, таму за яго дэманстрацыю караць было б вельмі нелагічна. Тым больш сёння «Пагоня» актыўна выкарыстоўваецца ў геральдыцы. Напрыклад, на гербах Віцебскай вобласці, Рэчыцы, Верхнядзвінска і Лепеля.

exryocnxsaia11p.png


Сярод грамадскіх аб’яднанняў «Пагоню» выкарыстоўвае Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына». Ёсць яна і на некалькіх іншых эмблемах, аднак як адна з частак кампазіцыі. Нагадаем, гаворка ідзе толькі пра афіцыйна зарэгістраваную сімволіку.

Нарэшце, ёсць герб Літвы. Але тут вы рызыкуеце быць абвінавачанымі ў садзейнічанні замежным «лялькаводам».


А хто рэгіструе сімволіку?

Ніхто не здзіўлены: у гэтай краіне трэба рэгістраваць наогул усё. Не выключэнне — эмблемы, вымпелы, сцягі і да таго падобнае.

Уся сімволіка павінна праходзіць рэгістрацыю ў Дэпартаменце па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі. Потым яна ўключаецца ў дзяржрэестр і ёй прысвойваецца асаблівы нумар. Пры жаданні можаце пашукаць прыклады зарэгістраваных сцягоў і значкоў на спецыяльным сайце.

Калі дэпартамента цалкам хапае для значкоў і вымпелаў, то са сцягамі ўсё складаней. Для ўхвалення рэгістрацыі сцягоў у Беларусі створаны спецыяльны прэзідэнцкі савет. І толькі пасля атрымання «так» ад савета сцяг можа атрымаць рэгістрацыю.

Кіраўнік камісіі на сёння — дырэктар Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі (НЦПІ) Андрэй Мацельскі. Яго намеснік — намеснік начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл доктар ваенных навук Мікалай Бузін. Таксама ў савет уваходзяць супрацоўнікі ўніверсітэтаў, музейныя спецыялісты і чамусьці некалькі іншых ваенных. Менавіта ад іх залежыць афіцыйны статус бел-чырвона-белага сцяга ў Беларусі.