«Беларусь 1» паказаў сюжэт пра аўтараў «Рэгнум»: на відэа ўжо асуджаныя «чорныя рыэлтары»
Учора ў Мінскім гарадскім судзе пачаліся спрэчкі бакоў па справе «прарасійскіх публіцыстаў». Пракурор запытаў для абвінавачаных 5 гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай пакарання на 3 гады. Сюжэт пра гэта выйшаў на тэлеканале «Беларусь 1». Але ў якасці відэашэрагу было выкарыстана відэа з суда над «чорнымі рыэлтарамі».
У кароткім сюжэце на «Беларусь 1» распавялі, што ў Мінскім гарадскім судзе адбыліся спрэчкі бакоў (на 14 гадзін 23 студзеня яны яшчэ працягваюцца. — заўв. рэд.), кампетэнтнасць экспертаў, якія рабілі экспертызу, у пракуратуры не выклікае сумневу, віна абвінавачаных цалкам ўстаноўлена.
«Як перадаюць некаторыя СМІ, абвінавачаныя прызналіся, што пісалі артыкулы, якія маглі стаць прычынай распальвання нацыянальнай варожасці», — сказана ў сюжэце.
Пры гэтым на малюнку, выкарыстаным у сюжэце, былі «чорныя рыэлтары» з Магілёва, прызнаныя вінаватымі ў шасці забойствах і шэрагу іншых злачынстваў.
У аўторак падчас спрэчак адвакат Сяргея Шыпценкі Марыя Ігнаценка звярнула ўвагу суда на гэты сюжэт і папрасіла Белтэлерадыёкампанію прынесці прабачэнні абвінавачаным.
— На беларускім тэлебачанні выйшаў сюжэт, дзе паказвалася, што аўтары прызналі, што распальвалі нацыянальную варожасць або рознасць. А ў відэашэрагу былі паказаны магілёўскія «чорныя рыэлтары», асуджаныя да смяротнага пакарання. Выйшаў цалкам ілжывы сюжэт. Нашы падабаронныя проста шакаваныя ім, — сказала Ігнаценка. — Прашу суд вынесці прыватнае вызначэнне Белтэлерадыёкампаніі аб тым, каб знялі праўдзівы сюжэт з выбачэннямі нашым падабаронным.
Паводле tut.by