Беларусь і Балонскі працэс: няўдалая спроба ўседзець на двух крэслах?

Адмена абавязковага размеркавання была адной з умоваў прыняцця Беларусі ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі ў траўні 2015 года. Аднак якіх-небудзь значных крокаў у гэтым кірунку наша краіна не зрабіла. За тлумачэннямі эксперт Youth Labour Rights (YLaR) Дзмітрый Варнашоў звярнуўся ў Міністэрства адукацыі.

unnamed__2__15.jpg


Беларусь у траўні 2015 года была прынята ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі (ЕПВА) з умовай выканання Дарожнай карты рэформаў вышэйшай адукацыі. Гэта было зафіксавана ў Ерэванскім камюніке.Адным з пунктаў Дарожнай карты стала патрабаванне да канца 2016 года адмяніць абавязковае размеркаванне выпускнікоў (за выключэннем спецыяльнасцяў, у дачыненні да якіх назіраецца істотны нездаволены попыт). Аднак Беларусь не зрабіла якіх-небудзь значных крокаў у кірунку імплементацыі нормаў Дарожнай карты. Пра гэта сведчыць вынікі маніторынгу, які праводзіцца Грамадскім балонскім камітэтам.
Эксперт Youth Labour Rights (YLaR) Дзмітрый Варнашоў накіраваў у Міністэрства адукацыі зварот, у якім папрасіў патлумачыць, ці з'яўляецца Дарожная карта дакументам, абавязковым для выканання Рэспублікай Беларусь, а таксама ці плануецца адмена размеркавання выпускнікоў (што з'яўляецца адным з патрабаванняў Дарожнай карты).
7 лютага быў атрыманы адказ за подпісам першага намесніка Міністра адукацыі Вадзіма Богуша. Так, у адказе адзначаецца, што «Дарожная карта рэформы вышэйшай адукацыі не з'яўляецца міжнародным пагадненнем, у дачыненні да якога ў Рэспублікі Беларусь узнікаюць абавязацельствы». Аднак «Мiнiстэрствам адукацыi зацверджаны «Рабочы план па ўкараненні інструментаў ЕПВА на перыяд 2015-2018 гг.», які прадугледжвае ўнясенне пры неабходнасці змяненняў у нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць размеркаванне выпускнікоў. (Напрыклад), нормы аб прадастаўленні статусу маладога спецыяліста ўсім выпускнікам, якія атрымалі накіраванне на працу».
«Дарэчным у гэтай сітуацыі будзе працытаваць раман «Дванаццаць крэслаў» Ільфа і Пятрова: «Справа дапамогі тапельцам — справа рук саміх тапельцаў». У сітуацыі адсутнасці палітычнай волі на пераўтварэнні, наяўнасць Дарожнай карты, на жаль, не стала драйверам правядзення рэформаў у сферы вышэйшай адукацыі, — адзначае Дзмітрый Варнашоў. — Беларусь даўно рабіла спробы ўступіць у ЕПВА. Але калі гэтая мэта была дасягнутая, адбыўся разварот на 180 градусаў. Міністэрства адукацыі выразна дае зразумець, што калі рэформы і будуць праводзіцца, то «пры неабходнасці», г.зн. без уліку патрабаванняў Дарожнай карты».
Добра гэтую сітуацыю ілюструе сітуацыя з размеркаваннем выпускнікоў, якое ўжо больш за год таму павінна было быць адменена. Замест гэтага намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко патрабуе забяспечыць у 2018 годзе 100% размеркаванне.
«Унясенне ў праект новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі нормы аб атрыманні статусу маладога спецыяліста выпускнікамі, якія атрымалі накіраванне на працу, да рэвалюцыйных зменаў не прывядзе. Па-ранейшаму застаецца адкрытым пытанне дыскрымінацыі выпускнікоў, якія навучаліся за кошт уласных сродкаў. Яны застаюцца «за бортам» дзяржаўнай падтрымкі пры працаўладкаванні, — распавядае эксперт. — Словы пра «гарантыі першага працоўнага месца» разыходзяцца з рэальнасцю. Напрыклад, маці чатырохгадовай дзяўчынкі, у якой дыягнаставалі цукровы дыябет, не можа звольніцца для догляду за дзіцем, бо працуе па размеркаванні. Або сітуацыя, калі выпускніца павінна змагацца за права жыць у адным горадзе са сваім мужам. Карысць у гэтым сумнеўная як для дзяржавы, так і для грамадства ў цэлым».
Міжнародныя эксперты прызналі, што Дарожная карта рэфармавання вышэйшай адукацыі Беларусі не будзе выканана ў 2018 годзе. Таму прапануецца падоўжыць тэрмін яе рэалізацыі да 2020 года.
«Адсутнасць працэдуры выключэння краін з ЕПВА дае магчымасць беспакарана ігнараваць узятыя абавязацельствы. Прапанова аб працягу мандата Дарожнай карты дазволіць захаваць (хоць і намінальны) міжнародны кантроль за ходам рэформ у сферы вышэйшай адукацыі ў Беларусі», — адзначыў Варнашоў.
Паводле прэс-рэлізу