Беларусь пакуль не падпісала з Касцёлам канкардат. Што гэта і навошта?

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў 2 мая ў Акадэміі кіравання Рэспублікі Беларусь з дакладам пра адносіны дзяржавы і рэлігійных установаў.

Тадэвуш Кандрусевіч

Тадэвуш Кандрусевіч

Ён адзначыў, што «неабходна па-новаму паглядзець... на адносіны паміж дзяржавай і рэлігійнымі арганізацыямі», перадае Catholic.by.

Кандрусевіч заявіў, што «Касцёл не патрабуе сабе ніякіх прывілеяў, але толькі прызнання правоў, патрэбных для яго дзейнасці». У прыватнасці, ён адзначыў, што закон 1992 года «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях» састарэў.

Так, замежныя святары не могуць праводзіць імшу, калі прыязджаюць у якасці турыстаў; дазвол на працу замежным святарам даецца не заўсёды, а калі даецца, то на 3–6 месяцаў. Таксама патрэбны закон аб рэстаўрацыі, падобны да расійскага, літоўскага ці латвійскага, бо перадача раней канфіскаваных касцёльных будынкаў адбываецца несправядліва або не адбываецца ўвогуле. Нормы аб будаўніцтве новых касцёлаў няма, тэрмін іх будаўніцтва вызначаецца нарматывамі для клубаў і дамоў культуры, касцёлы штрафуюць за доўгае будаўніцтва. Складаны парадак атрымання, рэгістрацыі і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі некамерцыйнымі арганізацыямі, няма падатковых ільготаў для спонсараў. Некаторыя аддзелы ідэалогіі патрабуюць ад касцёлаў праграму навучання катэхізісу ў нядзельных школах і спісы дзяцей, якія іх наведваюць. Не вырашаныя пытанні факультатыўнага рэлігійнага выхавання ў школах, капліцаў пры шпіталях, турмах або вайсковых частках. Бяспека вернікаў падчас святочных мерапрыемстваў забяспечваецца з ужываннем аўтазакаў, што «зусім не спрыяе настрою хрысціянскага свята».

Акрамя таго, Кандрусевіч адзначыў, што Беларусь пакуль не падпісала канкардат з Апостальскім Пасадам, які замацоўвае правы і абавязкі бакоў, «гарантуе права свабодна несці ў грамадства дух Евангелля, абвяшчаць і абараняць маральныя каштоўнасці і развіваць сацыяльнае вучэнне, каб свецкая дзяржава ўзбагачалася хрысціянскімі каштоўнасцямі».

Што такое канкардат і чаму яго не падпісалі?

Канкардат (ад лацінскага concordatum — пагадненне) гэта дамова між дзяржавай і Ватыканам, у якім фармулююцца адносіны між дзяржавай і каталіцкай царквой на тэрыторыі дадзенай дзяржавы, тлумачыць “Радыё Свабода” гісторык і палітолаг Анатоль Сідарэвіч. Ён сумняваецца, што ў цяперашніх умовах Беларусь можа заключыць такую дамову без згоды Масквы.

 

Анатоль Сідарэвіч

Анатоль Сідарэвіч

«Канкардат заключыць немагчыма, таксама як немагчыма, каб Лукашэнка запрасіў папу Рымскага ў Беларусь. Лукашэнка як кіраўнік дзяржавы можа запрасіць кіраўніка дзяржавы Ватыкан. Але для таго, каб папа Францішак прыехаў у Беларусь як галава каталіцкай царквы, патрабуецца згода той царквы, якая мае ў гэтай краіне большасць. А большасць у Беларусі мае экзархат праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату. Выяўляецца, кіраўнік дзяржавы не можа запрасіць галаву іншай дзяржавы без згоды маскоўскага патрыярха.

Так і з канкардатам: і Мінск мо рады б заключыць, і Ватыкан мо рады б заключыць канкардат, але без санкцыі маскоўскага патрыярха Лукашэнка канкардат не заключыць. Тут або праваслаўная царква будзе кіраваная ў Беларусі, таксама як ва Украіне, дзе яна не аўтаномная, але з шырокімі правамі, сваім сінодам і сваім аддзелам знешніх царкоўных зносін, або як цяпер — экзархат. Мітрапаліта нам прыслала Масква — нават не грамадзяніна Беларусі.

Гэтыя размовы пра канкардат даўно былі, сціхалі і зноў пачыналіся, але бяз згоды Данілавага манастыра, рэзідэнцыі Маскоўскага патрыярха, ніякага канкардату не будзе. Патрыярх Кірыл — прыхільнік тэорыі і практыкі „рускага міру“, таму ён не пойдзе на тое, каб Беларусь заключыла канкардат з Ватыканам, не дасць на гэта згоды».

Паводле Сідарэвіча, канкардат — не проста сімвалічнае пагадненне, а строгі юрыдычны дакумент — Ватыкан жа мае больш як тысячагадовыя дыпламатычныя традыцыі. Але ўмовы канкардату могуць быць спрыяльнымі не для ўсіх вернікаў:

«Беларусы добра памятаюць канкардат 1925 года між Ватыканам і Польскай Рэспублікай. Гэты канкардат быў надзвычай шкодны беларусам і ўкраінцам, у тым ліку беларускім і ўкраінскім каталікам. Канкардат заключаецца дзеля спрыяння каталікам, але якім каталікам?

Напрыклад, мяне цікавіць пытанне: калі быў нейкі праект канкардату, якія там артыкулы прадугледжаныя адносна грэка-каталіцкай царквы? Вядома, што Ватыкан не прызначае біскупа для беларускіх грэка-каталікоў, толькі каб не раздражняць Маскву. Калі Ватыкан будзе заключаць канкардат з Мінскам, ці асмеліцца Ватыкан уключыць адпаведныя артыкулы і надаць грэка-каталіцкай царкве ў Беларусі юрыдычны статус, іерархічную завершанасць, паставіць біскупа? Бо калі няма біскупа, няма царквы!

А Масква ніколі не згодзіцца, каб Ватыкан паставіў у Беларусі біскупа і стварыў юрыдычна завершаную грэка-каталіцкую царкву. А Ватыкан будзе абачліва глядзець, каб не раздражняць Маскву, бо ў яго і ў Расіі інтарэсы ёсць. У Расіі ж таксама няма грэка-каталіцкай царквы, Ватыкан не асмельваецца там прызначыць самастойнага біскупа».

www.svaboda.org