У Беларусі праходзіць акцыя «Птушкі ля кармушкі»
Акцыя «Птушкі ля кармушкі» праходзіць 14-15 студзеня ў Беларусі. Яе ініцыятар — грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны».
Як паведамляе сайт АПБ, мэтай акцыі з’яўляецца напамін, як важна падкармліваць птушак у халады.
Снегапады і маразы — сапраўднае выпрабаванне для птушак, якія жывуць у населеных пунктах. Таму людзям варта рабіць кармушкі і выбіраць правільны корм. Для удзелу ў акцыі трэба 14 і 15 студзеня падлічыць віды і колькасць птушак у сваёй кармушцы і даслаць дадзеныя ў АПБ. Сярод удзельнікаў, якія дашлюць вынікі сваіх назіранняў, будуць разыграныя 10 значкоў з птушкамі, якія часцей за ўсё наведваюць кармушкі.
Спецыялісты арганізацыі нагадваць, што найлепшы корм для прадстаўнікоў сямейства вераб’іных — чорнае несалёнае і нясмажанае насенне. Сініцы і дзятлы добра ядуць несалёнае свежае сала, вераб’і і зелянушкі — арахіс.
Летась акцыя праходзіла 16-17 студзеня і тады на кармушкі ўдзельнікаў прыляцела болей за 35 відаў птушак. У акцыі прынялі ўдзел каля 2,7 тысяч чалавек, якія падкармілі болей за 9,5 тысячы птушак.
Паводле Еўрарадыё