Беларускае бюро ў Літве: адлуп Вайніцкаму

Беларускае бюро грамадскага і палітычнага прадстаўніцтва ў Літве аспрэчыла заяву Рамана Вайніцкага аб тым, што беларусы Літвы выступаюць супраць эканамічных санкцый ў дачыненні да Беларусі. А таксама запатрабавала публічных выбачэнняў за выказванні на адрас беларускай апазіцыі.



35d02fef7d9a24e237057162abab82b7.jpg

Беларускае бюро грамадскага і палітычнага прадстаўніцтва ў Літве аспрэчыла заяву Рамана Вайніцкага аб тым, што беларусы Літвы выступаюць супраць эканамічных санкцый ў дачыненні да Беларусі. А таксама запатрабавала публічных выбачэнняў за выказванні на адрас беларускай апазіцыі.


“Мы паважаем пункт погляду асобных прадстаўнікоў аб’яднанняў беларусаў у Літве, як меркаванне суб’ектаў, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Літвы. Але разам з тым цвёрда заяўляем, што ніяк не падзяляем такі пункт гледжання, — гаворыцца ў заяве беларускага бюро.


Яго прадстаўнікі зрэагавалі на выказванне кіраўніка Аб’яднання грамадскіх арганізацый беларусаў Літвы Рамана Вайніцкага. У Рызе 12 сакавіка пройдзе канферэнцыя беларусаў замежжа — Эстоніі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Расіі. Як праінфармаваў спадар Вайніцкі, на ёй плануецца прыняць заяву з заклікам не ўводзіць санкцыі ў дачыненні да Беларусі. “Калі канферэнцыя прыме гэта рашэнне, а яна прыме гэта рашэнне, то мы будзем рассылаць яго кіраўнікам еўрапейскіх дзяржаў, СМІ, — паведаміў ён інтэрнэт-парталу DELFI.


Вайніцкі заявіў, што 19 снежня ў Мінску “так званая апазіцыя вывела ноччу зімой людзей на вуліцу, справакавала спробу захопу будынка Савета міністраў Беларусі. Ён лічыць, што “апазіцыя спецыяльна зрабіла гэты крок, каб прызнаць выбары несапраўднымі. Яны хацелі сваю паразу нейкім чынам прыхарашыць. “Была ўсяго толькі жменька людзей, якая справакавала сітуацыю, — сказаў Раман Вайніцкі. А наогул, паводле яго словаў, “людзі на плошчу прыйшлі адсвяткаваць выбары.


Беларускае бюро адзначыла, што зараз у Літве знаходзіцца дастаткова арганізацый, якія аб’ядноўваюць беларусаў. У тым ліку людзей, якія вымушаны пакідаць Беларусь з-за палітычнага пераследу, а таксама з-за цяжкіх эканамічных абставінаў у краіне. “І іх колькасць пастаянна расце, — падкрэсліваюць прадстаўнікі бюро.


Таму прынцыпова важна, на іх думку, каб "аўтары вышэйпаказаных заяў" адказалі на пытанні: “Якія канкрэтна арганізацыі і якая колькасць беларусаў падтрымліваюць ваш пункт погляду? Хто надзяляў вас правам выказвацца ад іх імя? Ці з’яўляецеся вы сведкам тых падзей, якія вы смееце ацэньваць? Калі не, з якой крыніцы вы чэрпаеце інфармацыю пра іх? Хто і як делегаваў вас на канферэнцыю ў Рызе 12 сакавіка?


Адказы неабходны “для адэкватнай ацэнкі магчымасцяў па прадстаўленні пазіцыі ўсіх беларусаў, якія знаходзяцца ў Літве. І, тым больш, як лічаць у беларускім бюро, “для прад’яўлення абвінавачанняў усёй беларускай апазіцыі. Бо дэманстрацыя насіла мірны характар. І “на вуліцу выйшлі не ворагі народа, а свабодныя грамадзяне, якія выказаліся супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў. 


Беларускае бюро заявіла, што канферэнцыя ў Рызе не можа падаваць агульную думку большасці беларускай дыяспары ў Літве. Бо прадстаўніцтва мерапрыемства з’яўляецца “няясным і закрытым ад асноўных беларускіх арганізацый. А спадар Вайніцкі выказвае асабісты пункт гледжання, без узгаднення з беларусамі, якія пражываюць у Літве.


“Вынікі канферэнцыі, якая яшчэ не адбылася, ужо каментуюцца ўсімі СМІ Беларусі. Гэта вядзе за сабой фармаванне памылковай думкі аб тым, што ўсе беларускія дыяспары падтрымліваюць рэпрэсіўны рэжым Лукашэнкі А.Р. і выступаюць супраць увядзення эканамічных санкцыяй, — адзначае беларускае бюро.


Яго прадстаўнікі заклікалі Рамана Вайніцкага да “публічнага выбачэння за неабгрунтаваныя абвінавачанні дэмакратычных сіл Беларусі. А таксама запрасілі ўсе беларускія арганізацыі, “уключаючы тых, што кажуць ад імя тысяч беларусаў без іх згоды, да абмеркавання праблем Беларусі. “І мы пакідаем за сабой права лічыць такога роду заявы замоўленай правакацыяй і перашкодай для дэмакратычных пераўтварэнняў у Рэспубліцы Беларусь, — зазначана ў распаўсюджаным пасланні.