Беларускаму кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў прысудзілі прэмію імя Артура Свенсана
Камітэт па прысуджэнні прэміі імя Артура Свенсана, якую нярэдка называюць «прафсаюзнай Нобелеўскай прэміяй», у 2021 годзе ўдастоіў гэтай узнагароды Беларускі Кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і яго сяброўскія арганізацыі: Беларускі незалежны прафсаюз, Свабодны прафсаюз Беларускі, Свабодны прафсаюз металістаў, Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП).
Прэмія Свенсана прысуджаецца штогод за дасягненні прафсаюзных актывістаў, прафсаюзаў і іх аб'яднанняў у галіне барацьбы за працоўныя правы. Яна заснавана найбуйнейшымі нарвежскімі прафсаюзамі («Industri Energi») у гонар Артура Свенсана (1930-2008 гг.), аднаго з выбітных лідараў нарвежскага прафсаюзнага руху, які аказаў велізарны ўплыў на грамадства тым, што дамогся значнага паляпшэння становішча працоўных у Нарвегіі.
У абгрунтаванні Камітэта па прысуджэнні прэміі, у прыватнасці, гаворыцца:
«Міжнародная прэмія Артура Свенсана за правы прафсаюзаў» за 2021 год уручаецца незалежнаму прафсаюзнаму руху Беларусі, прадстаўленаму Беларускім кангрэсам дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) і яго сяброўскімі арганізацыямі. Яны атрымліваюць узнагароду за сваю бясстрашную барацьбу за дэмакратыю і асноўныя правы прафсаюзаў у краіне з апошняй дыктатурай у Еўропе.
Беларусь лічыцца адной з найгоршых краін у свеце ў галіне парушэння правоў працоўных. Праваабарончыя арганізацыі на працягу многіх гадоў выказвалі глыбокую заклапочанасць парушэннямі правоў чалавека ў краіне: «знікненні», гвалт з боку міліцыі і адсутнасць свабоды асацыяцый і свабоды слова. Нягледзячы на спробы рэжыму Лукашэнкі ўзяць пад кантроль незалежныя прафсаюзы і ўскладніць стварэнне іх арганізацый, прыцягненне новых членаў і рэгулярную прафсаюзную дзейнасць, яны ніколі не здаваліся і працягвалі працаваць дзеля сваіх членаў.
У сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі ўвосень 2020 года, вынік якіх быў відавочна сфальсіфікаваны, сітуацыя ў краіне яшчэ больш пагоршылася. Усе формы апазіцыі рэжыму падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню з боку міліцыі, турэмнаму зняволенню і пераследу. Незалежны прафсаюзны рух заняў цэнтральнае месца ў барацьбе супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў і ў барацьбе за дэмакратыю. Была арганізавана хваля забастовак, акцый і дэманстрацый з патрабаваннем адмены вынікаў выбараў і вызвалення ўсіх палітвязняў.
Забастоўкі і дэманстрацыі былі сустрэтыя тэрорам, масавымі арыштамі і катаваннямі. Шэраг прадстаўнікоў прафсаюзаў і актывістаў былі звольненыя з працы, шмат хто быў заключаны ў турмы ці вымушаны бегчы з краіны. Офісы прафсаюзаў падвергліся ператрусам і былі зачыненыя. Тым не менш, прафсаюзы БКДП здолелі павялічыць свае шэрагі, сфармавалі новыя пярвічныя і галіновыя арганізацыі незалежных прафсаюзаў і працягнулі сваю барацьбу. У выніку гэта будзе мець вырашальнае значэнне для падзення рэжыму Лукашэнкі.
Камітэт па прэміі заявіў, што пры фарміраванні новага палітычнага і эканамічнага курсу пасля падзення рэжыму Лукашэнкі актыўны прафсаюзны рух, незалежны ад палітычных улад, будзе мець вырашальнае значэнне ў пабудове грамадства, якое служыць пераважнай большасці.
Лідар БКДП Аляксандр Ярашук:
— Прысуджэнне нам прэміі Артура Свенсана — гэта прызнанне заслуг БКДП і ўсяго незалежнага прафсаюзнага руху ў абароне базавых правоў працоўных і прафсаюзаў у Беларусі. На працягу апошніх 25 гадоў незалежныя прафсаюзы заставаліся ледзь не адзінай сілай, якая была здольная супрацьстаяць нападам жорсткага аўтарытарнага палітычнага рэжыму, які імкнецца пазбавіць работнікаў іх правоў і свабод, ператварыць у пакорлівых і паслухмяных рабоў. І ў тым, што дыктатура не здолела дасягнуць сваёй мэты, што працоўныя Беларусі, як і ўвесь беларускі народ, пасля прэзідэнцкіх выбараў мінулага года знайшлі ў сабе мужнасць выйсці на масавыя акцыі пратэсту, правялі ўражлівыя забастоўкі і стачкі супраць фальсіфікацыі выбараў, рэпрэсій і тэрору, ёсць і заслуга БКДП. Мы зрабілі ўсё, каб у чарговы раз прыцягнуць увагу міжнароднай грамадскасці да сітуацыі з правамі працоўных у Беларусі. Мы ганарымся сваёй арганізацыяй, яе членамі, ганарымся тым, што незалежныя прафсаюзы аказаліся вартыя сваёй высокай місіі — вярнуць беларускім рабочым іх права на чалавечую годнасць. Мы вельмі ўдзячныя заснавальнікам прэміі, у асобе найбольш аўтарытэтных ў прафсаюзным свеце нарвежскіх прафсаюзаў, за такую высокую ацэнку нашай дзейнасці.
Палітычны рэжым Лукашэнкі, які бясслаўна прайграў выбары, але які не пажадаў прызнаць выбар народа і сысці, выкарыстоўвае нябачаны ў Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны ўзровень гвалту, крывавага тэрору супраць мірных грамадзян краіны, уключаючы рабочых. Многія з іх за ўдзел у забастоўках і стачках звольненыя і прысуджаныя да крымінальных тэрмінаў пазбаўлення волі. Наймоцнаму ціску падвяргаюцца нашы арганізацыі і іх члены, якіх вымушаюць выходзіць з незалежных прафсаюзаў. У спешным парадку штампуюцца драконаўскія законы, уносяцца змены ў Працоўны кодэкс, на падставе якіх працаўнікоў могуць асудзіць нават за заклік да страйку. Нам сёння нялёгка, сітуацыя патрабуе ад членаў незалежных прафсаюзаў вялікай мужнасці і самаахвярнасці, каб выстаяць. Але мы не сумняваемся ў нашай здольнасці не толькі выстаяць, але і перамагчы. На гэта нас натхняе і атрыманая высокая ўзнагарода.
Паводле bkdp.org