Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці правядзе дабрачынны забег у падтрымку беларусаў. Прыняць удзел можа кожны

Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці правядзе дабрачынны забег у падтрымку беларусаў. Ён пройдзе з 1-га па 10-га лютага. Прыняць удзел можа кожны незалежна ад месцазнаходжання і гадзіннага пояса. Усе атрыманыя сродкі будуць накіраваныя на аказанне дапамогі рэпрэсаваным спартоўцам. Цэнтральнай падзеяй марафону стане 7-га лютага — Міжнародны дзень салідарнасці з Беларуссю. Галоўная і адзіная дыстанцыя марафону — 2334 метры.

es_erfjuyaanpju.jfif

«Кожны дзень і кожную нядзелю вось ужо 7 месяцаў беларусы патрабуюць пераменаў. Гэтая барацьба за свабоду нагадвае марафон — адну з самых знясільваючых дыстанцый у лёгкай атлетыцы. Марафон, як правіла, бягуць падрыхтаваныя і трэніраваныя спартсмены, але здацца на паўдарогі хоць бы раз хацелася нават самым амбіцыйным з іх.
Беларусаў ніхто ні да якіх марафонаў не рыхтаваў, але мы на дыстанцыі з 9-га жніўня 2020-га. За гэты час у краіне праз турмы прайшлі 33 000 мірных грамадзян, яшчэ тысячы з'ехалі або беглі, 220 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, адбылося, як мінімум, 9 забойстваў. Будні нашага марафону — гэта калі дзеці гуляюць у АМАП, а дарослыя гугляць навіны аб будаўніцтве ў Беларусі першага канцлагера. Сёння беларусы не могуць «ганяць ва ўсю моц» — неасцярожнае слова, каментар у сацсетках і нават колер адзення прыраўноўваюцца да злачынстваў. Каб падтрымаць народ-чэмпіён, Фонд спартыўнай салідарнасці ініцыюе дабрачынны забег #MARATHONFORFREEDOM .
Свабодныя спартсмены і Фонд спартыўнай салідарнасці запрашаюць усіх, хто падзяляе нашы каштоўнасці і лічыць, што ў аснове чалавечага жыцця – павага, далучыцца да Марафону свабоды і прабегчы дыстанцыю 2334 метры для беларусаў.
23.34 — гэта артыкул аб парушэнні арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Артыкул, па якім затрымліваюць без прычыны, даюць «суткі» і штрафы, б'юць і здзекуюцца. Па якой практычна ў кожнага быў асуджаны сваяк, знаёмы, сябар ці калега па працы. І гэта артыкул, якога ў новай Беларусі быць не павінна, таму што само яго існаванне парушае Канстытуцыю.
Марафон Свабоды пройдзе з 1-га па 10 лютага. Бегчы можна ў любы дзень, у любы час.
Для таго, каб прыняць удзел у забегу, неабходна:
✔ зарэгістравацца на сайце www.marathonforfreedom.com
✔ аплаціць сімвалічны ўзнос-ад €10 (сума можа быць больш)
Усе атрыманыя сродкі паступяць на рахунак Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці. Мы дапамагаем атлетам і спецыялістам, рэпрэсаваным за сваю грамадзянскую пазіцыю, звольненым з нацыянальных зборных, а таксама фінансуем падрыхтоўку свабодных спартсменаў да Алімпійскіх гульняў у Токіа.
✔ Далей на электронную пошту, указаную пры рэгістрацыі, прыйдзе ліст, у якім будзе паказаны стартавы нумар удзельніка.
✔ У дзень забегу адпраўляемся на дыстанцыю. Адкруціўшы кіламетры, робім сэлфі, размяшчаем фота ў сваіх сацсетках з нумарам і паказваем хэштэг забегу # MARATHONFORFREEDOM.
Беларусам вельмі патрэбная падтрымка сёння, каб заўтра фінішаваць свабоднымі!», — гаворыцца ў паведамленні фонду.
У забегу возьмуць удзел Алена Леўчанка, Кацярына Сныціна, Віталь Гуркоў, Сяргей Скіба, Артур Удрыс, Аляксандра Герасіменя.
Паводле bytribuna