Беларускі нацыянальны кангрэс заклікае на малебен

Адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Мікалай Статкевіч выступіў з ініцыятывай правядзення 7 красавіка на плошчы Свабоды ў Мінску малебна за забітых у Курапатах і ў абарону хрысціянскай веры.

«Не сустракаючы адпору, самазванец ідзе ўсё далей. Цяпер падчас Вялікага посту ён дэманстратыўна плюе на веру нашага народа. Заклікаю тых, хто не хоча больш цярпець, сабрацца ў нядзелю 7 красавіка а 12:00 на плошчы Свабоды ля Мінскага Свята-Духава кафедральнага сабора. Разам памолімся за збавенне нашай краіны ад злога і пакажам, што нашае трыванне ўжо на зыходзе. Абаронім веру сваіх продкаў. Абаронім сябе. Абаронім Беларусь», — заявіў Мікалай Статкевіч.
Правядзенне малебну падтрымалі іншыя вядомыя беларускія палітыкі і грамадскія дзеячы.На правядзенне малебну ля храмаў не патрабуецца дазвол уладаў, адзначае прэс-служба БНК.
Таксама лідары Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч і Яўген Афнагель звярнуліся да кіраўнікоў Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла з просьбай аб неадкладнай сустрэчы для абмяркавання сумесных намаганняў па спыненню апаганьвання галоўнага сімвала хрысціянства.
«З жалем і абурэннем мы даведаліся, што ўладамі знесеныя дзясяткі крыжоў, што месціліся вакол народнага мемарыялу расстраляным у Курапатах. Яшчэ большае абурэнне выклікае тое, што гэта ганебнае дзеянне адбылося падчас Вялікага паста.
Барацьба ўладаў з крыжамі вяртае да памяці масавае і крывавае змаганне камуністычнага рэжыма з рэлігіяй, якое каштавала жыцця і свабоды многім тысячам святароў і вернікаў.
Мы лічым знос крыжоў на могілках нявінна забітым недапушчальным і абражальным для хрысціян дзеяннем.Мы просім Вас пра неадкладную сустрэчу для абмяркавання сумесных намаганняў цэркваў і грамадства, каб зрабіць такія дзеянні немагчымымі», — гаворыцца ў лісце.
Паводле прэс-службы БНК