Беларускія дэпутаты прапануюць увесці «пасведчанне суайчынніка»

«Пасведчанне суайчынніка» для выхадцаў з Беларусі ды іх нашчадкаў прапануюць увесці дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. 

Фота: БЕЛТА

Фота: БЕЛТА

Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавёў старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валерый Варанецкі.
Ён падкрэсліў, што «пасведчанне суайчынніка» не варта параўноўваць з Картай паляка ды іншымі падобнымі дакументамі. Па словах Варанецкага, беларускі дакумент мае на мэце «ўмацаваць духоўную сувязь выхадцаў з Беларусі з гістарычнай Радзімай».
Прычым гаворка вядзецца не толькі пра дыяспару, але і пра тых, чые далёкія продкі жылі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Як прыклад вядомых асобаў, якія маюць беларускія карані, дэпутат назваў бельгійскую каралеву Мацільду, якая ​​паходзіць са знакамітага шляхецкага роду Сапегаў. Варанецкі кажа, што хацелася б аб'яднаць такіх славутасцяў вакол Беларусі, «каб у людзей было разуменне, што тут іх карані».
Уладальніку «пасведчання суайчынніка» плануецца даць пэўныя прэферэнцыі — напрыклад, магчымасць прыехаць у Беларусь без візы.
Свае прапановы дэпутаты ўжо накіравалі ва ўрад, МЗС, Мінспорту, Мінкульт, Мінінфарм ды іншыя ведамствы.
Паводле euroradio.fm