Беларускія ўлады адказалі на прапанову замяніць свята 7 лістапада
Адказ вас не здзівіць.

На пачатку лістапада у Савет Міністраў Беларусі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны камандай ініцыятывы «Зручны горад» была накіравана петыцыя аб замене святочнага дня 7 лістапада на больш актуальную нагоду для святкавання. Аўтары петыцыі абгрунтоўвалі сваю прапанову састарэласцю даты, тым, што ў іншых краінах постсавецкай прасторы (нават у Расіі, дзе пачалася Кастрычніцкая рэвалюцыя) гэты дзень не святкуецца на нацыянальным узроўні. У якасці альтэрнатывы для свята аўтары прапанавалі некалькі варыянтаў, асноўным з якіх назвалі Дзень памяці продкаў.
Цяпер з Міністэрства працы і сацыяльнай абароны прыйшоў адказ за подпісам намесніка міністра Андрэя Лабовіча, у якім замена свята 7 лістапада называецца немэтазгоднай. У адказе сцявярджаецца, што ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі «распалася сусветная каланіяльная сістэма» і «ўзніклі гістарычныя ўмовы для абвяшчэння БНР», а таксама прыводзяцца прыклады іншых дзяржаў, якія адзначаюць рэвалюцыйныя падзеі: у прыватнасці, Дзень узяцця Бастыліі ў Францыі.


7 лістапада — Дзень Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года — уваходзіць у каляндар дзяржаўных святаў у Беларусі. У Расіі гэтую дату перасталі адзначаць у 1996 годзе.
Паводле petitions.by