Беларускія ўлады самі знішчаюць тое, у што яны хацелі б, каб верылі ва ўсім свеце
«У самай ціхай і мірнай краіне ў свеце нам раптам заяўляюць, што чатыры тысячы экстрэмістаў проста гулялі па вуліцах», — дзівіцца Павел Свярдлоў.
Галоўны рэдактар «Еўрарадыё» распавёў у эфіры канала «И Грянул Грэм» пра галоўную памылку беларускіх улад.
— Сітуацыя з нелегальнымі мігрантамі дзіўна б'е па гэтым іміджы, які для Беларусі выбудоўвалі яе ўлады доўгія гады, — іміджы бяспечнай краіны, — заявіў галоўны рэдактар «Еўрарадыё» Павел Свярдлоў . — Ці, напрыклад, генпракурор заяўляе, што ў Беларусі распачата больш за 4 тысяч спраў супраць экстрэмістаў.
І гэта ў самай ціхай і мірнай краіне ў свеце нам раптам заяўляюць, што чатыры тысячы экстрэмістаў проста гулялі па вуліцах! А колькі ж цяпер гуляе?
Вось гэтыя заявы пра баевікоў са зброяй, якія пойдуць праз літоўскую мяжу... таксама незразумела, дзе яны могуць узяць зброю, не з сабой жа павязуць у самалётах.
Журналіст лічыць, што беларускія ўлады самі знішчаюць уласныя дасягненні мінулых гадоў.
— Атрымліваецца, што беларускія ўлады ў гэтым імкненні, з аднаго боку, як мага даўжэй утрымацца, з другога боку, адпомсціць за санкцыі еўрапейцам, ускосна знішчаюць тое, у што, адпаведна, яны хацелі б, каб верылі ва ўсім свеце, — сказаў Свярдлоў.
Паводле gazetaby.media