Берасцейцы працягваюць пратэставаць супраць акамулятарнага завода

У Брэсце на плошчы Леніна 2 снежня зноў сабраліся праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Такія сустрэчы праходзяць тут кожную нядзелю з 25 лютага.

Фота: brestcity.com

Фота: brestcity.com

Сёння на плошчы было каля 120 чалавек. Яны абмяркоўвалі апошнія навіны, звязаныя з будаўніцтвам небяспечнага прадпрыемства, у прыватнасці, падачу заявак на правядзенне мітынгаў і дэманстрацыі.
30 лістапада падалі заяўкі на правядзенне 15 снежня дэманстрацыі ў Брэсцкім раёне «Заводу тут не месца» побач з месцам будаўніцтва акумулятарнага завода, а таксама на 16 снежня ў Брэсце — двух мітынгаў «Берасцейцы супраць акумулятарнага завода». Мэта масавых мерапрыемстваў — выказванне пратэсту супраць будаўніцтва завода свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй «АйПауэр», інфармаванне грамадзян пра шкоду вытворчасці для здароўя людзей і навакольнага асяроддзя.
Як адзначалі сёння праціўнікі завода, яны не спадзяюцца, што чыноўнікі дазволяць акцыі. Адзін з жыхароў Брэста заявіў, што «ўлады проста баяцца ўбачыць рэальны стан рэчаў, паглядзець праўдзе ў вочы».
Старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Маслоўскі распавёў аб выніках апытання, які ён праводзіў 1 снежня на працягу гадзіны на пешаходнай вуліцы Савецкай у Брэсце.
Па словах Маслоўскага, «амаль год улады спрабуюць даказаць людзям, што акумулятарны завод не прынясе шкоды навакольнаму асяроддзю і здароўю мясцовых жыхароў». Ён паведаміў, што практычна ўсе апытаныя супраць будоўлі. «Толькі два чалавекі сказалі, што не супраць будаўніцтва гэтага прадпрыемства. Астатнія не хочуць, каб акумулятарны завод быў пабудаваны паблізу Брэста», — распавёў палітык.
Будаўніцтва акумулятарнага завода ТАА «АйПауэр» вядзецца на прамысловай пляцоўцы «Аэрапорт» у свабоднай эканамічнай зоне "Брэст". На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і дамагаюцца прыпынення будаўніцтва.
Грамадская кампанія супраць узвядзення завода пачалася ў рэгіёне ў студзені. Па дадзеных праваабаронцы Рамана Кісляка, за гэты час актывісты падалі заяўкі на правядзенне ў Брэсце і Брэсцкім раёне 24 мітынгаў, 12 пікетаў і адной дэманстрацыі. Улады санкцыянавалі толькі адну акцыю: 29 красавіка мітынг «Брэстчанкі супраць свінцу» на ўскраіне горада, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек. 31 кастрычніка прэм'ер-міністр Сяргей Румас заявіў, што засцярогі наконт будаўніцтва акумулятарнага завода ў Брэсце перабольшаныя. «Праект прайшоў усе неабходныя экалагічныя экспертызы, і ў заказчыкаў гэтага прадпрыемства ёсць усе неабходныя дазволы на вытворчасць работ», — сказаў ён. Несумненна, лічыць Румас, падобныя буйныя праекты павінны ўзгадняцца з жыхарамі. «Але важна разумець, што гэта ж і рашэнне праблемы занятасці для рэгіёнаў. На гэтых прадпрыемствах нашы грамадзяне змогуць атрымаць працоўныя месцы. Улічваючы, што гэта высокатэхналагічныя праекты, яны змогуць атрымліваць дастойную заработную плату», — заявіў ён.
Паводле naviny.by