Берасцейскую актывістку Папкову зноў павезлі ў вар’ятню, як толькі вызвалілі з сутак
Актывістку «Маладой Беларусі» з Берасця Наталлю Папкову зноў павезлі ў псыхіятрычны дыспансэр.
Яна мелася выйсьці на волю пасьля адбывання адміністрацыйнага арышту, але выйшла з ізалятару не сама: некалькі міліцыянтаў вывелі яе і пасадзілі ў міліцэйскую машыну. На пытанне праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, які прыйшоў сустракаць Наталлю Папкову, куды яе забіраюць, міліцыянты адказалі, што на псіхіятрычнае абследаванне. Вялічкін кажа, што яе хутчэй за ўсё даставяць у псіхіятрычны дыспансэр.
Напярэдадні «Маршу недармаедаў», 3 сакавіка, Папкову ўжо адвозілі ў псіхіятрычны дыспансэр, але дыягназу не назвалі. Там яна абвясціла галадоўку. Пазней яе выпусцілі, не назваўшы ні дыягназу, ні прычыны затрымання.
Пазней яе зноў затрымалі: 22 сакавіка ўзялі на чыгуначным вакзале ў Берасці, праз два дні прысудзілі 7 сутак арышту за «Марш недармаедаў» 12 сакавіка.
Паводле svaboda.org