Бэтлеемскі агонь прыбыў у Мінск
Вечарам 19 снежня Бэтлеемскае Святло міру прыбыло ў мінскую архікатэдру Імя Найсвяцейшай Панны Марыі. Урачыста прывітаў агонь Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, а таксама дарослыя і дзеці, раратняя Імша для якіх адбывалася ў апошні раз за гэты Адвэнт.
Галоўная мінская святыня ў гэты вечар прамянела ад мноства свечак. І нездарма. Апошняя раратняя Імша для дзяцей была асаблівай і запамінальнай, таму што свяцілася Бэтлеемскім Святлом міру, які з
гродзенскай катэдры прывезлі беларускія скаўты.
«Вельмi сiмвалiчна тое, што Бэтлеемскі агонь прыбывае да нас практычна перад святамі Божага Нараджэння. Езус прыйшоў у наш свет як святло. Ён асвятлiў свет, які знаходзіўся ў цемры з
часоў Адама i Евы. Мы не любiм цемру i радуемся, калi завяршаецца ноч i надыходзіць дзень. Таксама радуюцца людзi з Нараджэння Езуса Хрыста, якi ўносiць у цемру нашага жыцця святло свайго
Евангелля»,— заўважыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч у сваёй гаміліі падчас святой Імшы.
Іерарх таксама нагадаў, што Бэтлеемскі агонь з’яўляецца сімвалам евангельскага святла, якім Хрыстус асвятляе ўсіх людзей, таму «ў гэтым святле мы павінны бачыць
чалавека, кожнага з яго патрэбамі».
«Па Беларусі агонь мы перавозім звычайна ў машынах. Перадача ажыццяўляецца ад адной скаўцкай адзінкі да другой. Кожная адзінка развозіць агонь у сваю і навакольныя парафіі. Дарога
далёкая, таму мы выкарыстоўваем бяспечныя лампады, у якіх агонь можна перавозіць і якія не згаснуць ад лёгкага ветрыку», —распавёў Сatholic.by асістэнт генеральнага камісара скаўтаў Улад Мацельскі.
Улад дадаў, што непасрэдна ў працэсе перавозкі агню ў гэтым годзе ўдзельнічае каля 15 скаўтаў з Беларусі: «Cталыя вандроўнікі перавозяць агонь, але ўсе скаўты ўдзельнічаюць ва ўрачыстых
службах».
Бэтлеемскае Святло міру запальваецца ад лампады ў самім Бэтлееме, затым самалётам Austrian airlanes дастаўляецца ў Вену. У сталіцы Аўстрыі падчас урачыстай цырымоніі агонь раздаецца скаўтам з
усяго свету.
Сёлета 13 снежня Бэтлеемскае Святло міру з рук славацкіх скаўтаў атрымалі іх польскія калегі. Праз пяць дзён на беларуска-польскай мяжы агонь быў урачыста перададзены беларускім скаўтам, якія 19
снежня прывезлі яго ў гродзенскі катэдральны касцёл. Менавіта адтуль Бэтлеемскае Святло міру прыбыло ў Мінск.
Далей агонь з Бэтлеема, як знак яднання паміж народамі, будзе пілігрымаваць у Гомель, а праз пару дзён беларускія скаўты перададуць яго расійскім скаўтам.