БХД кажа выбарам “не”

Незарэгістраваная Партыя “Беларуская хрысціянская дэмакратыя можа адмовіцца ад удзелу ў выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў з прычыны моцнага ціску з боку ўлад на партыйных кандыдатаў. Пра гэта 12 сакавіка на прэс-канферэнцыі заявіў сустаршыня БХД Павел Севярынец.



a486cd07e4ac3d270571622f4f316ec5.JPG

Незарэгістраваная Партыя “Беларуская хрысціянская дэмакратыя можа адмовіцца ад удзелу ў выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў з прычыны моцнага ціску з боку ўлад на партыйных кандыдатаў. Пра гэта 12 сакавіка на прэс-канферэнцыі заявіў сустаршыня БХД Павел Севярынец.
На сустрэчу з журналістамі прыехалі каля дзесятка сябраў БХД з розных рэгіёнаў краіны. Гэта людзі, якія бяруць удзел у выбарчай кампаніі і якія ўжо пацярпелі альбо церпяць ад дзеянняў мясцовых “вертыкальшчыкаў, спецслужбаў, праваахоўных органаў і нават ад уласнага кіраўніцтва па месцы вучобы ці працы.
“Я ўжо другі тыдзень у рэгіёнах збіраю подпісы ў ініцыятыўных групах тых людзей, якія туды ўключылі мяне на гэтых мясцовых выбарах, і магу пэўна сцвярджаць, што ніякімі свабоднымі выбарамі ў Беларусі зараз і не пахне, - заявіў Павел Севярынец. – З больш чым 200 кандыдатаў, якіх “Беларуская хрысціянская дэмакратыя вылучыла на гэтых выбарах, больш за 100 ужо сутыкнуліся з фактамі ўціску альбо рэпрэсій. Кожны другі кандыдат ужо альбо пачуў пагрозы ў свой адрас з патрбаваннем альбо здымацца, выбіраць альбо працу, альбо вучобу, альбо абяцанні, што ўзнікнуць праблемы, завяршаючы прамымі рэпрэсіямі, якія часам, як у выпадку з Андрусём Кашэўскім, пазбаўляюць чалавека права балатавацца далей.  
Па словах Севярынца, Кашэўскі правёў сур’ёзную кампанію, сабраў сотні подпісаў і ў Жодзінскі гарадскі савет, і ў Мінскі абласны (ён балатуецца адразу ў два прадстаўнічыя органы), ён займаецца распаўсюдам незалежный прэсы. “Андруся Кашэўскага схапілі ў Мінску, ён ледзь паспеў патэлефанаваць, і “упакавалі яго на Акрэсціна. Ён аб’явіў галадоўку, зараз галадае ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна, а выйдзе адтуль толькі 18 сакавіка, таму сам ён не можа падаць дакументы на кандыдацтва. Тым не менш, зараз мы з дапамогаю адваката, якога адмыслова знайшлі для Кашэўскага, паспрабуем падаць гэтыя дакументы. У панядзелак я асабіста, як сябра ініцыятыўнай групы Андруся Кашэўскага, паеду ў Жодзіна падаваць яго дакументы. Подпісы ўжо ёсць, а ўсё астатняе мы паспрабуем зрабіць за яго, - паведаміў сустаршыня БХД.
Як адзначыў Павел Севярынец, “Беларуская хрысціянская дэмакратыя сутыкнулася з найбольшым сістэмным ціскам. “Прычына гэтага, напэўна, тое, што з усіх палітычных партый БХД вылучыла найбольш кандыдатаў на гэтых мясцовых выбарах. Ад “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі шляхам збору подпісаў былі зарэгістраваны 203 ініцыятыўныя групы, Камуністычная партыя Беларусі зарэгістравала 111 ініцыятыўных груп, Партыя БНФ – 71, Аб’яднаная грамадзянская партыя – 60, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) – 30, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет – 25 ініцыятыўных груп. Зразумела, што той кандыдат, які хоча весці сапраўдную кампанію, рэгіструе ініцыятыўныя групы і збірае подпісы, таму можна лічыць, што ў нас сабраліся моцныя каманды, якія праводзяць моцную кампанію, - падкрэсліў палітык.
Павел Севярынец паведаміў, што 27 сакавіка пройде пазачарговае пасяджэнне Нацыянальнай рады БХД, дзе будзе вырашацца пытанне, ці працягваць гэтую выбарчую кампанію, ці здымацца з яе ў сувязі з такім моцным ціскам, з рэпрэсіямі ў дачыненні да ўдзельнікаў выбарчага працэсу ад “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.