Беларусы сталі менш паміраць і больш нараджаць

У Беларусі ў 2012 годзе памерлі 126,1 тыс. чалавек, што на 8,9 тыс. (6,6%) менш, чым у 2011 годзе. Пры гэтым за мінулы год у краіне нарадзіліся 115 тыс. дзяцей, што на 5,9 тыс. больш, чым за 2011 год. Такім чынам, натуральнае змяншэнне насельніцтва ў 2012 годзе скарацілася на 14,8 тыс. чалавек.



untitled6.jpg

На 1 студзеня 2013 года ў Беларусі налічвалася 9,46 млн чалавек, што на 1,9 тыс. чалавек менш, чым годам раней.

Як паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце, у 2012 годзе ад хвароб сістэмы кровазвароту памерлі 52,4% усіх памерлых, ад новаўтварэнняў — 14,1%, ад прычын, не звязаных з захворваннем, — 9%.

Знізілася колькасць памерлых ад хвароб органаў дыхання (на 27,9%), хвароб органаў стрававання (на 21,9%), некаторых інфекцыйных і паразітарных хвароб (на 14,1%), хвароб сістэмы кровазвароту (на 5,8%), новаўтварэнняў (на 2,1%). Колькасць памерлых ад прычын, не звязаных з захворваннем, у 2012 годзе ў параўнанні з 2011 годам зменшылася на 16,1: памерлых ад выпадковых атручванняў алкаголем — на 23,4%, забойстваў — на 18,2%, ДТЗ — на 12,6 %, самагубстваў — на 10,6%, выпадковых утапленняў — на 4%.

У 2012 годзе ў працаздольным узросце памерлі 26,9 тыс. чалавек, з іх 70,4% ад хвароб (ад хвароб сістэмы кровазвароту — 45,7%). Ад прычын смерці, не звязаных з захворваннем, памерлі 29,6% усіх памерлых у працаздольным узросце: ад самагубстваў — 17,7%, ад выпадковых атручванняў алкаголем — 17,9%, ад ДТЗ — 12,9%.

Узровень дзіцячай смяротнасці знізіўся з 3,9 выпадку на 1000 народжаных у 2011 годзе да 3,4 выпадку на 1000 народжаных у 2012-м. 71,2% памерлых у першы год жыцця памерлі ад стану, які ўзнікае ў перынатальным перыядзе, і прыроджаных анамалій.

telegraf.by