«Білі галавой аб сцяну, пакуль не званітавала»
Праваабаронца Надзея Куканос з Віцебску распавяда, што яе збілі міліцыянты. Актывістка цяпер недасяжная. У размове з «Белсатам» жанчына распавяла, што яе вязуць у ІЧУ Чыгуначнага раёну на Дзмітрава, 7.
![newsbel.by_16.10.2014_1ahcni13rdsabau8gwdfp52fdkxyaclb_700x400.jpg newsbel.by_16.10.2014_1ahcni13rdsabau8gwdfp52fdkxyaclb_700x400.jpg](/img/v1/images/newsbel.by_16.10.2014_1ahcni13rdsabau8gwdfp52fdkxyaclb_700x400.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Надзея Куканос — праваабаронца і сакратарка генеральнага савету міжнароднай грамадзянскай арганізацыі «За честную власть».
Жанчына стала сведкай чарговага выпадку міліцэйскага бязмежжа — зняла на відэа, як супрацоўнікі праваахоўных органаў збівалі людзей на вуліцы.
Сёння яна прыйшла даведацца, што з яе заяваю. У міліцыі Надзеі сказалі, што заявы няма.
«Я прыйшла даведацца пра лёс сваёй заявы. Мне сказалі, што яе няма. Тады я ўключыла камеру і паказала дзяжурнаму відэа і аўдыёзапісы. У РАУС мяне не пусцілі, я была ў фае. Сюды выскачылі тры міліцыянты і пачалі забіраць мабільны тэлефон. Я не хацела яго аддаваць. Утрох яны збівалі мяне, забралі два тэлефоны, гаманец з грашыма і вельмі моцна збілі. Білі галавой аб сцяну, выдралі каўтун. Зацягнулі ў фае, дзе відэакамеры, але, вядома, запісы знікнуць».
Затрыманая за супрацьстаянне міліцыі
Жанчына
прызнаецца, што ў яе на целе быў другі дыктафон.
«Яны не ведалі пра гэта, запіс захаваўся. Пазней я выкладу яго ў інтэрнэт. У мяне забралі другі тэлефон пасля таго, як я патэлефанавала аператыўнаму дзяжурнаму УУС Віцебскага аблвыканкаму і распавяла пра сітуацыю. Яны сказалі, што я адміністратыўна затрыманая за супрацьстаянне міліцыі і таму не маю права званіць. Паводле закону, у званках я не абмежаваная, і гэта яны сказалі мне, юрысту».
Актывістцы зрабілася дрэнна, пачало ванітаваць.
«Пацямнела ў вачах, мне адмаўлялі даць ваду. Калі я званітавала ў фае, яны спужаліся і вызвалі хуткую».
Перад тым, як яе забралі ў шпіталь, НадзеяКуканос напісала заяву на імя начальніка УСК, дзе апісала, што міліцыянты скралі тэлефон і грошы. Яе адмовіліся рэгістраваць.
«Прыехаў хтосьці з высокіх чыноў УУС, ён адмовіўся прадставіцца, але ягоны голас захаваўся на аўдыёзапісу. Ведаю, што ён палкоўнік. Яны спужаліся і аддалі тэлефон. Усё сцерлі: кантакты і відэазапісы».
На жанчыну склалі пратакол, але копію не далі. Жанчына кажа, што будзе праходзіць незалежнае абследаванне ў медычным цэнтры.
«Падобна, што ў мяне страсенне мозгу. Сінякі на целе. Але доктар у хуткай кажа, што ніхто мяне не біў і няма слядоў, і што я пэўна пʼяная».
Пасля размовы з актывісткай мы патэлефанавалі ў дзяжурную частку Чыгуначнага РАУС. Дзяжурны сказаў, што Надзеі Куканос у іх няма, а пра падрабязнасці трэба запытаць выканальніка абавязкаў начальніка РАУС. Па ягоным нумары ніхто не адказвае.