Біскуп Касабуцкі: Страляць ва ўласны народ — смяротны грэх

Людзі вельмі часта кажуць, што не могуць маліцца «за тых, якія б'юць іншых, за тых, якія з дубінкамі ў масках бегаюць і хапаюць людзей», распавёў біскуп. Аднак гэтыя людзі, лічыць Юрый Касабуцкі, «найбольш патрабуюць малітвы і Божай міласэрнасці».



Фота: vaticannews.va

Фота: vaticannews.va

Ужыванне зброі супраць грамадзян — злачынства, і вернікі мусяць маліцца за тое, каб гэтае злачынства не магло здзейсніцца. Пра гэта ў казані падчас імшы 28 кастрычніка ў мінскім архікафедральным касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі заявіў генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Відэазапіс яго выступу выкладзены на афіцыйным партале Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі.

«Сёння мы вельмі шмат чуем анонсаў пра ўжыванне зброі супраць нашых людзей, супраць грамадзян, — адзначыў каталіцкі іерарх. — Па-рознаму пра гэта гаворыцца, па-рознаму трактуецца, але, калі ёсць анонс, гэта азначае, што ўжо ў планах гэта ёсць. Гэта злачынства, і мы павінны маліцца, каб гэтае злачынства не магло здзейсніцца. Страляць ва ўласны народ — цяжкі грэх, смяротны грэх. Таму мы асабліва павінны маліцца пра мірнае вырашэнне канфлікту ў нашай краіне».

«Мы павінны маліцца за нашых міліцыянераў, амапаўцаў і іншых, каб усё ж такі розум перамог, каб яны не паддаваліся на гэтыя правакацыі, таму што выстраліць у чалавека, можа, і лёгка, але пазней спыніцца, напэўна, будзе цяжка», — падкрэсліў ён.

Паводле слоў біскупа, людзі вельмі часта кажуць і пішуць яму, што не могуць маліцца «за тых, якія б`юць іншых, за тых, якія з дубінкамі ў масках бегаюць і хапаюць людзей». Але гэтыя людзі, лічыць біскуп Касабуцкі, «найбольш патрабуюць малітвы і Божай міласэрнасці».

«Розныя могуць быць матывы, чаму яны так робяць, — сказаў ён. — Хтосьці, можа, сапраўды робіць гэта за ідэю. Хтосьці, можа, павёўся на тое, што за гэта атрымліваюць дадатковыя грошы, хоча набраць як мага больш грошай і пазней уцячы, хаця гэта крывавыя, праклятыя грошы, яны не зробяць нікога шчаслівым. Можа, нават гэтыя людзі ўяўляюць, што можна наздабываць на людской крыві, слязах вельмі шмат грошай, зрабіць сабе вялікі маёнтак, набыць у суседняй краіне дом, схавацца там».

«Ад людзей схавацца можна, але ад свайго сумлення, ад Бога схавацца нельга. Таму нашая малітва за гэтых людзей патрэбная, каб яны змаглі зразумець, апамятавацца, раскаяцца ў сваіх учынках і больш не рабіць гэтага», — заявіў каталіцкі іерарх.

12 кастрычніка першы намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч заявіў пра тое, што міліцыя і ўнутраныя войскі пры неабходнасці будуць прымяняць спецыяльныя сродкі і баявую зброю падчас акцый пратэсту.

28 кастрычніка ўжо былы кіраўнік МУС Юрый Караеў, каментуючы словы Казакевіча, патлумачыў, што «баявая зброя можа прымяняцца пры спыненні дзеянняў злачынцы, калі ўсе астатнія метады ўжо вычарпаліся». «Нічога страшнага ў гэтай заяве няма, — сказаў ён. — Бо мелася на ўвазе маім першым намеснікам прымяненне зброі толькі з пункту гледжання законнасці і аднаўлення правапарадку. Ніхто не казаў аб тым, што яна будзе прымяняцца без разбору па любых людзях, па мірных пратэстоўцах і гэтак далей».

«Чалавек здзяйсняе дыверсію або тэрарыстычны акт, нападае на супрацоўніка міліцыі, аказвае яму не проста супраціў, а прымяняе гвалт. Натуральна, ён павінен быць спынены ўсім наяўным арсеналам у супрацоўніка міліцыі — ад фізічнай сілы да баявой зброі», — растлумачыў міністр.

Паводле www.racyja.com, belapan.by