Бізнесмен Аляксандр Кныровіч выйшаў на волю

Пра гэта паведаміла Наша Ніва. У ліпені 2018 года дырэктара ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг» Аляксандра Кныровіча асудзілі на шэсць гадоў калоніі за дачу хабару і ўхіленне ад выплаты падаткаў.

photo_2021_08_17_22_51_07.jpg

КДБ арыштавала бізнесоўцу і блогера Кныровіча ў студзені 2017 года. Аляксандр Лукашэнка амаль адразу па затрыманні Кныровіча заяўляў аб адназначнай вінаватасці бізнесоўца: маўляў, «таўро на ім ставіць няма дзе».
На судзе Кныровіч толькі часткова прызнаў віну.

Кныровіч адбываў пакаранне ў Віцебскай калоніі, куды адпраўляюць асуджаных бізнесменаў, былых чыноўнікаў і сілавікоў. У чэрвені з гэтай калоніі датэрмінова выйшлі на свабоду акадэмік Бялецкі і былы намеснік міністра аховы здароўя Ласіцкі, асуджаныя за карупцыю. Яны былі памілаваныя.
Прычыны, па якіх быў вызвалены Кныровіч, пакуль невядомыя. Але апошнім часам на свабоду выходзяць вязні, якім пералічылі тэрмін утрымання ў СІЗА да суда. Цяпер дзень пад вартай залічваецца за паўтара дня ў калоніі агульнага ці ўзмоцненага рэжыму.
У сваім блогу Кныровіч крытычна выказваўся наконт развіцця эканомікі Беларусі. За ягоны матэрыял з крытыкай спосабаў святкавання Дня Перамогі быў часова заблакаваны рэсурс Kyky.org. Кныровіч займаўся не толькі развіццём уласнага бізнесу, але таксама інвеставаў у іншыя праекты, у ліку якіх была перадача «Мой бізнес» на дзяржаўным тэлеканале АНТ.