Бізнесоўцу Кныровічу на год скарацілі тэрмін зняволення
Аляксандар Крыновіч мае выйсці на волю з калоніі ўзмоцненага рэжыму ў 2022 годзе. Абарона патрабавала поўнага скасавання прысуду.
Мінскі гарадскі суд разглядзеў 16 кастрычніка апеляцыю па справе дырэктара ТАА «СарматТэрма-Інжынірынг» Аляксандра Крыновіча. Тэрмін зняволення Кныровічу скарацілі з 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму да 5, піша svaboda.org са спасылкай на Tut.by.
Адвакат Кныровіча адзначаў, што бізнесоўца пакаралі паводле артыкулу аб даванні хабару больш жорстка, чым атрымальнікаў хабару з сістэмы ЖГК, а тое даванне хабару было вымушаным. З кампаніяй Кныровіча, сцвярджае абарона, не разлічыліся за выкананыя работы, таму кампанія была на мяжы банкруцтва. Бізнэсовец адзін раз даў калегам 60 тысячаў рублёў «на даванне хабару», але не кантраляваў, каму і колькі давалі.
Наконт артыкулу аб ухіленні ад падаткаў абарона заяўляла, што Крыновіч у большую частку перыяду, які разглядаўся (2012–15 гады) не быў фактычным кіраўніком кампаніі, а ўсе сведкі ў судзе пацвердзілі, што «бачылі яго толькі на карпаратывах». З улікам гэтага і з улікам сплаты шкоды за перыяд ягонага кіравання, пісалі ў апеляцыі, тэрмін зняволення трэба скараціць удвая.
Ранейшае рашэнне суду, сцвярджала абарона, прымалася на падставе толькі праверкі Камітэту дзяржкантролю, дзе адносна замежнай кампаніі быў неабгрунтавана ўжыты ўказ №488 («Аб некаторых мерах па папярэджанні незаконнай мінімізацыі сумаў падатковых абавязкаў»), пры тым сума недаплаты з акту КДК значна адрознівалася ад шкоды ў прысудзе: было 311 тысячаў рублёў, стала 2,767 млн.
КДБ арыштавала бізнесоўцу і блогера Кныровіча ў студзені 2017 году, з таго часу яго трымалі пад вартай у СІЗА КДБ («Амерыканцы»). Аляксандар Лукашэнка амаль адразу па затрыманні Кныровіча заяўляў аб адназначнай вінаватасці бізнэсоўца: маўляў, «таўро на ім ставіць няма дзе».
На судзе ў красавіку Кныровіч толькі часткова прызнаў віну. На абвінавачанне ў нявыплаце падаткаў Кныровіч сказаў, што «не згодны з методыкай разлікаў» і з тым, як следчыя вызначылі перыяды заніжэння сумы падаткаў. Падсудны дапусціў, што магла закрасціся памылка больш як на 60 тысяч рублёў. Таксама, паводле Кныровіча, у яго не было намеру ўхіляцца ад выплаты падаткаў. Усяго, паводле следства, з 2008 году кампанія Кныровіча не сплаціла падаткаў больш як на 3,3 мільёна беларускіх рублёў. Некаторыя беларускія прадпрымальнікі не паверылі ў вінаватасць Аляксандра Кныровіча і зладзілі кампанію салідарнасці #злодзей_не_кныровіч, параўноўвалі справу Кныровіча са «справай патрыётаў».
Паводле звестак КДБ, хабар перадаваўся кіраўнікам сістэмы ЖКГ за судзеянне ў бізнесе, але бацька бізнесоўца казаў, што гэта прадпрыемствы ЖКГ былі вінаватыя кампаніі ягонага сына 1,5 мільёна долараў.
У сваім блогу Кныровіч крытычна выказваўся наконт развіцця эканомікі Беларусі. За ягоны матэрыял з крытыкай спосабаў святкавання Дня Перамогі быў часова заблакаваны рэсурс Kyky.org. Кныровіч займаўся не толькі развіццём уласнага бізнесу, але таксама інвеставаў у іншыя праекты, у ліку якіх была перадача «Мой бізнес» на дзяржаўным тэлеканале АНТ.