Бясплатная сетка Free Wi-Fi Minsk з'явілася ў беларускай сталіцы
Бясплатная сетка Free Wi-Fi Minsk стала даступнай у Мінску з 19 красавіка. Скарыстацца ёю могуць як жыхары горада, так і яго госці, у тым ліку замежнікі. Пад назвай Free Wi-Fi Minsk аб'яднаны больш за 100 грамадскіх кропак доступу, устаноўленых кампаніяй «Дзелавая сетка».
«Раней скарыстацца бясплатным доступам у Інтэрнэт можна было, падключыўшыся да сеткі Wi-Fi.BN.BY. Гэта тэставая назва, якая была не самай зразумелай, асабліва для замежнікаў. Мы вывучылі вопыт еўрапейскіх сталіц і вырашылі аб'яднаць усе нашы пункты бясплатнага Wi-Fi ў адзіную сетку пад назвай Free Wi-Fi Minsk», — растлумачыў генеральны дырэктар ТАА «Дзелавая сетка» Павел Аляксеенка.
На дадзены момант у сетку ўваходзіць 115 аб'ектаў доступу да грамадскага Wi-Fi. Сеткай Free Wi-Fi Minsk можна скарыстацца ў многіх буйных гандлёвых цэнтрах, дзясятках кафэ, аўтазаправачных станцыях А-100 АЗС, у шэрагу бальніц, гасцініц, аддзяленняў банкаў. Для падлучэння неабходна ўвесці свой нумар мабільнага і атрымаць на яго пароль. Наступныя аўтарызацыі ў сетцы будуць праходзіць у карыстальніка аўтаматычна. Пасля падлучэння сеткай можна карыстацца бясплатна неабмежаваную колькасць часу, патлумачылі ў кампаніі.
«Дзелавая сетка» плануе развіваць і пашыраць сетку Free Wi-Fi Minsk, дадаючы ў яе новыя кропкі доступу. Так, ужо ў 2018 годзе грамадскі Wi-Fi з'явіцца на станцыях метро Кастрычніцкая і Купалаўская.
Бясплатныя сеткі існуюць практычна ва ўсіх буйных еўрапейскіх гарадах. У некаторых яны належаць муніцыпалітэтам, у іншых — пабудаваныя прыватнымі кампаніямі. Free Wi-Fi Minsk — гэта прыватная ініцыятыва, якая рэалізавана без прыцягнення дзяржаўных сродкаў і накіравана на пашырэнне магчымасцяў доступу жыхароў і гасцей сталіцы да свабоднага выхаду ў сетку Інтэрнэт. «Мы спадзяемся, што гарадскія ўлады падтрымаюць нашу ініцыятыву і колькасць кропак будзе і далей мець упэўнены рост», — адзначаюць у кампаніі.
У Барселоне абсталявана каля 630 кропак доступу з хуткасцю 256 Кбіт/с, у Берліне — 650, у Парыжы — каля 400. У большасці еўрапейскіх гарадоў час і хуткасць карыстання публічным Wi-Fi абмежаваныя. «Дзелавая Сетка» прыняла рашэнне не ўводзіць ліміты па хуткасці Інтэрнэт-злучэння ў сетцы Free Wi-Fi Minsk.
Таварыства з абмежаванай адказнасцю «»Дзелавая сетка» заснавана ў снежні 1998 года. Кампанія спецыялізуецца на прадастаўленні паслуг у сегменце B2B па высакахуткаснай перадачы дадзеных і прадастаўленні сваёй інфраструктуры, як падмурка для запуску інавацыйных сэрвісаў. Кліентамі «Дзелавой сеткі» з'яўляюцца кампаніі банкаўскага сектара, рытэйлеры, беларускія і замежныя вытворчыя кампаніі, прадстаўніцтва замежных краін і міжнародных кампаній, правайдэры тэлекамунікацыйных паслуг, дзяржаўныя органы і ўстановы, IT сектар.
Паводле прэс-рэліза